Фота з сайта svaboda.org

Дасьледнікі зь міжнароднага праекту SpaceLife Origin шукаюць жанчын-добраахвотніц, згодных нарадзіць па-за Зямлёй, ​каб вывучыць, як космас уплывае на розныя аспэкты чалавечага цела, і ў будучыні забясьпечыць магчымасьць устойлівага жыцьця ў космасе​, паведамляе GlobeNewswire, перадае Радыё Свабода.

Экспэрымэнт з нараджэньнем «незямнога дзіцяці» плянуюць правесьці ў 2024 годзе.

«Калі чалавецтва хоча стаць мультыплянэтарным відам, мы таксама павінны навучыцца размнажацца ў космасе», — кажа заснавальнік і генэральны дырэктар SpaceLife Origin Кіс Малдэр. Праект заснаваны ў Нідэрляндах, мае прадстаўніцтва ў ЗША, супрацоўнічае з кампаніямі ва ўсім сьвеце.

Цяпер кампанія распрацоўвае «касьмічны інкубатар для эмбрыёнаў»: у яго плянуюць зьмясьціць чалавечую спэрму і заплодкавыя вузы (яйцаклеткі), каб выправіць у космас у 2021 годзе. Як толькі інкубатар апынецца ў космасе, заплодкавыя вузы будуць аплодненыя. Праз чатыры дні пасьля запуску апарат вернецца на Зямлю, дзе аплодненыя вузы штучна ўвядуць у поласьць маткі добраахвотніцы, цяжарнасьць і роды якой на Зямлі будзе кантраляваць каманда спэцыялістаў.

Праз тры гады пасьля тэстаў адну або некалькі цяжарных жанчын выправяць за межы Зямлі.

«Падчас 24–36-гадзіннай місіі жанчына народзіць за 250 міляў (каля 400 кілямэтраў. — РС) над Зямлёй у суправаджэньні навучанай мэдычнай каманды сусьветнага роўню», — паведамляе сайт кампаніі. — Старанна падрыхтаваны і кантраляваны працэс, аналягічны зямным заходнім стандартам для маці і дзіцяці, дазволіць зьнізіць усе магчымыя рызыкі».

Паводле інфармацыі SpaceLife Origin, адно толькі зачацьце эмбрыёна ў космасе можа каштаваць каля 5 млн даляраў, але кошт нараджэньня не падаецца.

Пошук добраахвотнікаў пачнецца ў 2022 годзе.

Поделиться ссылкой: