“Ездзіш — плаці”. Віцэ-прэм’ер распавёў, як зменіцца дарожны збор

298
Дарожны корак у Минску. Фота: TUT.by

Першы віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын ў “Галоўным эфіры” на тэлеканале “Беларусь 1” распавёў, як зменіцца дарожны падатак.

“Прынцып: ездзіш — плаці. Выехаў на машыне — у цябе павінна быць аплата гэтай дзяржаўнай пошліны. Мінімальны перыяд — месяц. Ездзіш месяц? Калі ласка, заплаці за месяц. Гэта базавыя прынцыпы, якія мы думаем рэалізаваць. Калі ты плаціш адразу за год, будзе паніжальны каэфіцыент. Каля 80% ад гэтай сумы. Мы адвязваем яе ад выплаты тэхагляду”, перадае Еўрарадыё.

4 гады таму выплату дарожнага збору ў Беларусі прывязалі да прахаджэння тэхагляду. Велічыня збору залежыць ад таго, юрыдычнай ці фізічнай асобе належыць аўто, а таксама ад масы і ўзросту машыны.

З тых часоў аўтаўладальнікі пачалі ігнараваць тэхагляд, нягледзячы на штрафы. Сёньня больш за палову ад 4,2 млн машын, зарэгістраваных у Беларусі, выязджае на вуліцы без пройдзенага тэхагляду.

Самыя “дысцыплінаваныя” аўтаўладальнікі жывуць у Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай абласцях. Там за 10 месяцаў 2018 года налепкі на лабавое шкло не атрымалі ўсяго 5% аўто ў параўнанні з 2017 годам. Далей ідуць Гомельская, Гродзенская і Брэсцкая вобласці. А горад Мінск — абсалютны антырэкардсмен: мінус 16,3% тэхаглядаў да 10 месяцаў мінулага года.

"Ездзіш — плаці". Віцэ-прэм'ер распавёў, як зменіцца дарожны збор
Скрыншот: “Беларусь 1”

Пра тое, што транспартны падатак дазволяць аплачваць паэтапна і не за цэлы год, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў казалі яшчэ ў лістападзе 2017 года.

“Сумы такія ж і застануцца. Гэтыя грошы — гэта фактычна адзіная крыніца для дарожнага фонду, — распавядаў Еўрарадыё дэпутат Андрэй Рыбак. — Сёння перад намі стаіць задача не знізіць выдаткі па рэспубліканскіх дарогах і адрамантаваць мясцовыя дарогі. Задача: зрабіць гэты збор больш гнуткім і павялічыць зборы”.

Але воз і цяпер там.

Поделиться ссылкой: