Генадзь Зубко. Фота: УНІАН

У Гомелі віцэ-прэм’ер Украіны, міністр рэгіянальнага развіцця, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Зубко прапанаваў беларускім чыноўнікам гаварыць па-беларуску. У горадзе праходзіць I Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны. У ім паўдзельнічаюць Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка, якія перад гэтым правядуць сустрэчу ў фармаце «сам на сам», перадае Еўрарадыё.

«Сёння тут, на форуме, прадстаўнікі Украіны і Беларусі, — цытуе словы Зубко сайт ria.ru. — Я выступаю на ўкраінскай мове і з задавальненнем паслухаю беларускіх калег на беларускай мове».

Украінскі віцэ-прэм’ер нагадаў, што два тыдні таму прайшло пасяджэнне ўкраінска-беларускай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і на ёй працоўнай мовай была руская. Беларускія чыноўнікі не сталі гаварыць па-беларуску і на сённяшнім мерапрыемстве. Нават пасля выступлення Генадзя Зубко.