Фота: www.321.by

На экскурсіі для расійскіх турыстаў па Нясвіжскім палацы экскурсавод назвала беларускую мову “польскім дыялектам”. Сведкам гэтага стаў фізік Ягор Лебядок, перадае Еўрарадыё.

“Экскурсавод крыху сапсавала настрой (“белорусский язык начал формироваться в середине XIX века”, “белорусский язык — это диалект польского языка”, “белорусский язык — крестьянский язык”, “Статут ВКЛ написан на церковном языке или на старославянском языке” і т.п. трызненне”, — дзеліцца ўражаннямі Ягор.

Падобныя заявы могуць пацягнуць разбіральніцтва па артыкуле 9.22 Адміністрацыйнага кодэкса — прэцэдэнты ўжо былі. За публічную знявагу дзяржаўнай мовы ў Беларусі можна атрымаць штраф да 245 рублёў ($120).

Экскурсія, пра якую ідзе гаворка, адбывалася ўдзень 25 кастрычніка. Каб разабрацца ў сітуацыі, Еўрарадыё звязалася з кіраўніцтвам запаведніка “Нясвіж”.

“Усе экскурсаводы правераныя і ніякай адсябяціны быць не можа, — кажа дырэктар запаведніка Сяргей Клімаў. — Гэта дзікунства. Калі інфармацыя пацвердзіцца, дык супрацоўнік больш працаваць не будзе. У нас праводзіцца тэставанне супрацоўнікаў… Звальняем за меншае: той, хто глядзіць на гадзіннік і выправаджвае людзей з залаў — адразу звальняецца”.