Фота з сайта Minsk-Metro.NET

Першы з дзесяці новых цягнікоў для мінскага метрапалітэна будзе гатовы для абкаткі да канца бягучага года.

Інфармацыя пра тое, што кампанія “Штадлер-Мінск” абновіць рухомы склад цягнікоў мінскага метрапалітэна, з’явілася яшчэ на пачатку бягучага года. Па кантракце кампанія паставіць дзесяць цягнікоў – шэсць чатырохвагонных і чатыры пяцівагонныя.

У мінскім метро з’явяцца новыя цягнікі
Фота з сайта Minsk-Metro.NET

У новых цягнікоў для беларускай падземкі ёсць адметнасць: яны выраблены цалкам з алюмінію, таму корпус у іх лягчэйшы за аналагі і менш энергазатратны ў выкарыстанні. Дарэчы, алюмініевы цягнік у мінскім метро – першы на тэрыторыі СНД.

Вытворцы паведамляюць, што новыя цягнікі будуць даступны для ўсіх катэгорый грамадзян, у тым ліку для людзей з інваліднасцю. Вагоны абсталяваны антывандальнымі крэсламі, таксама ў саставе прадугледжана магчымасць пераходу пасажыраў з аднаго вагона ў другі падчас руху.

Калі ж беларускія пасажыры змогуць праехацца ў новым цягніку? Паводле некаторай інфармацыі, гэта павінна было здарыцца яшчэ ў бягучым годзе. Але на заводзе “Штадлер-Мінск” карэспандэнту “Народнай Волі” сказалі, што гэта не зусім так.

“Першы з дзесяці новых цягнікоў і сапраўды з’явіцца ў Беларусі да канца бягучага года, – сказала супрацоўніца аддзела па камунікацыях і сувязях з грамадскасцю прадпрыемства Дзіна Казакевіч. – Аднак гаварыць, што ён будзе даступны для пасажыраў, заўчасна. Цягнік будзе гатовы для абкаткі”.

Ацаніць усе перавагі новага цягніка беларускія пасажыры змогуць у 2020 годзе. Першапачаткова цягнікі будуць выкарыстоўвацца на другой лініі сталічнай падземкі, а пасля ўвядзення ў эксплуатацыю трэцяй лініі – на станцыях “Кавальская Слабада”, “Вакзальная”, “Юбілейная плошча”, “Плошча Багушэвіча”.

Дарэчы, на гэтых станцыях мінскага метро з’явяцца платформенныя агароджы, а новыя цягнікі “Штадлер” будуць абсталяваны сістэмай самастойнага кіравання. Цягнік самастойна рэгулюе паскарэнне, тармажэнне і трымае правільна разлічаную хуткасць.