Старшыня Сэнату Станіслаў Карчэўскі (P) і Міхаіл Мясьніковіч (L), Мінск 2016 г.Aliaksandr Papko/radyjo.net

Запланаваная сустрэча старшыні Нацыянальнага сходу рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча з прадстаўнікамі беларускай меншасці Падляшша не адбудзецца.

Як паведаміў намеснік старшыні беларускага грамадска-культурнага таварыства Васіль Сегень, сустрэчу адклікалі амаль ў апошні момант. Была падрыхтаваная ўся праграма сустрэчы і вялікая зала ў беластоцкіх «сподках»:

— Для нас гэтая інфармацыя была нечаканай. Нам патэлефанавалі, каб мы паведамілі усіх запрошаных, каго толькі можам, што сустрэча адменена. Прычын дакладна не назвалі. І запрашэнні пайшлі і ўсё было падрыхтавана: і культурная праграма, канцэрт кароценькі прасілі, каб з нашага боку быў на гэтай сустрэчы. Усё было ўжо падрыхтавана, амаль канчаткова, ва ўсіх дэталях і тут такая з раніцы інфармацыя.

Візіт у Польшчу старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіла Мясніковіча быў прымеркаваны да польска-беларускага эканамічнага форуму які заўтра стартуе ў Варшаве паведаміла прадстаўнік пасольства Беларусі ў Варшаве, дырэктар культурнага цэнтра Ілона Юрэвіч:

— Тэрмін высокага візіту перанесены на пазнейшыя даты, але мы пакуль не ведаем, якія. Форум адбудзецца, толькі будзе без удзелу высокіх гасцей.

На эканамічны бізнес-форум прыедуць прадстаўнікі 38 беларускіх прадпрыемстваў з розных галін прамысловасці. Галоўныя мэты мерапрыемства — паглыбленне эканамічнага супрацоўніцтва паміж Польшчай і Беларуссю, а таксама магчымасць непасрэдных кантактаў паміж прадпрымальнікамі з дзвюх краін.