Фота з сайта novychas.by

23 кастрычніка падчас прэс-канферэнцыі «Лістапада» стала вядома, што цяпер дырэкцыя фестывалю не будзе прымаць удзел у выбары фільмаў для нацыянальнага конкурсу. Канчатковае рашэнне будзе за камісіяй, на чале якой — першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга.

У адказ на гэта сёння некаторыя рэжысёры паведамілі, што здымаюць свае фільмы з удзелу ў конкурсе, паведамляе tut.by.

Акрамя таго, стала вядома, што камісія не дапусціла да ўдзелу ў конкурсе «Лістапада» альманах «Драма» папярэдніх пераможцаў Мікіты Лаўрэцкага і Юліі Шатун (пры ўдзеле Аляксея Свірскага), а таксама новы фільм вядомага беларускага аўтара, рэжысёра «Масакры» Андрэя Кудзіненкі. У нацыянальны конкурс не трапіла і новая карціна беларускага дакументаліста, удзельніка шматлікіх міжнародных кінафестываляў Андрэя Куцілы — «Стрыптыз і вайна». Прычыны адмовы аўтарам не тлумачацца.

25-ы па ліку кінафэст «Лістапад» пачнецца ў Мінску 2 лістапада.

Ірына Дрыга вядомая тым, што менавіта яе подпіс стаіць пад пастановай Міністэрства культуры ад 1 снежня 2014 года аб зацвярджэнні ахоўных зон у Курапатах.