Фота з адкрытых крыніц

Ці падасць у адстаўку галоўны трэнер мінскага “Дынама” Гордзі Дуаер?

“Мы ўсё бачым, але не ведаем, што з гэтым рабіць”, – прыкладна такая фраза прагучала з вуснаў аднаго з каментатараў апошняга матча мінскага “Дынама” ў КХЛ.

Мінчане, якія займаюць апошняе месца ў сваёй канферэнцыі, ганебна прайгралі такому ж аўтсайдару іншай. Чарговым “магільшчыкам” беларусаў стала новасібірская “Сибирь”, якую зараз узначальвае колішні капітан зборнай Беларусі, выдатны хакеіст Аляксандр Андрыеўскі.

Пасля фінальнай сірэны, якая зафіксавала перамогу “Сибири” з непрыстойным лікам 6:0, Андрыеўскі змог толькі вымавіць “Sorrу” на адрас Дуаера. Той прыняў выбачэнні і… стаў раздаваць аўтографы і фатаграфавацца з усімі ахвочымі.

На жаль, да паражэнняў мінскага “Дынама” ў Кантынентальнай хакейнай лізе мы ўжо прызвычаіліся. Але што рабіць, каб пераламіць гэтую прыкрую тэндэнцыю?

Прапаноўваю некалькі варыянтаў.

Першы: мінскае “Дынама” адмаўляецца ў будучым ад удзелу у КХЛ. Клуб, які ў свой час ствараўся як базавы для зборнай, відавочна з гэтай задачай не справіўся. Беларусы пакінулі эліту сусветнага хакея, і вялікае пытанне, ці змогуць яны вярнуцца туды ў наступным годзе.

Але наўрад ці кіраўніцтва “Дынама”, маю на ўвазе людзей, якія могуць прыняць гэтае рашэнне (а там, як вядома, у асноўным людзі з вялікай колькасцю зорак на пагонах), пойдзе на такі крок. Нягледзячы на тое, што хакейнае “Дынама” – дарагая цацка, Беларусь, не самая багатая краіна ў свеце, працягвае яго ўтрымліваць і падтрымліваць. Таму першы варыянт адпадае сам сабой.

Варыянт другі: тэрміновае звальненне Гордзі Дуаера і замена яго іншым спецыялістам. Рудавалосы канадзец з’явіўся ў Мінску ў мінулым годзе пасярод сезона. Тады каманда ў плей-оф не трапіла, але трэнеру, улічваючы абставіны, пры якіх ён апынуўся ў Беларусі, гэта даравалі.

Сёлета ж Дуаер рыхтаваў каманду з першага дня пасля выхаду хакеістаў з адпачынку. Што мы ўбачылі? Дзевяць паражэнняў у таварыскіх сустрэчах перад пачаткам рэгулярнага сезона. Але тады рулявы “Дынама” супакойваў: ідзе падрыхтоўка, вялікую ўвагу пройгрышным вынікам надаваць не трэба, вынікі прыйдуць падчас сезона.

Прыйшлі. Ды такія, што сорамна. На момант напісання гэтага тэксту мінскае “Дынама” мае ў сваім пасіве восем паражэнняў запар. Праз пару гадзін у Астане распачнецца чарговая гульня мінчан супраць “Барыса”, які ўзначальвае яшчэ адзін беларус – Андрэй Скабелка. Калі мінчане прайграюць і гэтую сустрэчу, а перадматчавыя расклады на гэта гучна намякаюць, то беларусы паўтораць свой жа антырэкорд, які быў усталяваны ў першым сезоне КХЛ. Тады мы прайгралі дзевяць раз запар.

Але, як бы ні скончылася сустрэча ў Казахстане, відавочна адно: Дуаеру пара на выхад. Сам, здаецца, ён зрабіць гэтага не можа. Міністр унутраных спраў, а па сумяшчальніцтве старшыня назіральнай рады мінскага “Дынама” Ігар Шуневіч нядаўна сказаў, што трэнерскі штаб на чале з канадскім спецыялістам мае поўны карт-бланш.

І Дуаер, трэба заўважыць, ім карыстаецца. Не даючы выніку, чалавек спраўна атрымлівае зарплату. І наўрад ці такую, як настаўніца пачатковых класаў дзе-небудзь пад Лепелем…

Што робіць адэкватны працадаўца, калі наняты работнік дрэнна выконвае сваю работу? Правільна, звальняе. У свой час беларускіх спецыялістаў, таго ж Аляксандра Андрыеўскага ці Эдуарда Занкаўца, якія трэніравалі мінскіх “зуброў”, ледзь не з брудам змяшалі, наракаючы на тое, што яны не даюць таго выніку, які хацелася б бачыць клубным босам.

Што ж змянілася зараз? Пагаворваюць, што ў выпадку датэрміновага скасавання кантракта Гордзі Дуаер прэтэндуе на вялікую суму “няўстойкі”, таму дагэтуль і знаходзіцца ля руля каманды.

І, здаецца, у адрозненне ад любога беларускага спецыяліста, які, бачачы, што ў яго не атрымліваецца, знайшоў у сабе сілы добраахвотна сысці, канадзец самастойна на такі крок не пойдзе. Для яго работа ў “Дынама” – проста бізнес, ад якога ён атрымлівае дывідэнды. Да “Дынама” ён працаваў у харвацкім “Медвешчаку”, пасля “Дынама” будзе яшчэ нешта…

Але беларускія балельшчыкі надоўга запомняць гэтага “кваліфікаванага” спецыяліста. Дарэчы, перад матчам з “Барысам” на афіцыйным сайце “зуброў” з’явілася інфармацыя, што пасля матча з “Сибирью” хакеісты “Дынама” былі пакараны за буйную паразу. Дуаер не знайшоў нічога лепшага, як прымусіць спартсменаў бегаць “чалнакамі” па лядовай пляцоўцы. Вось такія метады. Ці дапаможа? Адказ на гэтае пытанне мы атрымаем сёння вечарам пасля матча ў Астане.

Але я щсё ж такі ўпэненены: рана ці позна канадзец пакіне беларускі клуб. А мы застанёмся ля разбітага карыта і тэрмінова будзем шукаць на яго месца чарговага выратавальніка патанаючага “Дынама”…