Такі падарунак вырашыў зрабіць аднаму з футбалістаў заўзятар каманды, якая зараз выступае ў другой лізе айчыннага першынства.

Як вядома, сталых і багатых спонсараў у “Крумкачоў” сёлета няма. Футбльны клуб фінансуецца на ахвяраванні неабыякавых людзей, у ліку якіх, напрыклад, вядомы піяніст Юрый Бліноў, а самі футбалісты гуляюць, што называецца, на голым энтузіязме.

Незвычайным спосабам вырашыў падтрымаць каманду адзін з яе заўзятараў – Віталь Новікаў.

Лепшы “крумкач” атрымае патрыманае аўто
Віталь Новікаў. Фота з асабістага архіва

Вось што ён напісаў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”:

“Зараз у мяне здарылася прышпільная гісторыя: я набыў аўтамабіль Nissan micra 2004 года, які не спатрэбіўся. І я вырашыў прадаць яго на 500 долараў танней, чым набыў, не лічачы сродкаў, якія былі затрачаны на выпраўленне ўсіх недахопаў.

Да мяне сталі прыязджаць “перакупы”, людзі, якія хацелі скінуць яшчэ 500 долараў, і звычайныя людзі, якія знаходзілі “касякі” і жадалі купіць аўто за капейкі”.

Віталь Новікаў прызнае, што аўто і сапраўды не новае, у яго ёсць нязначныя недахопы, але на такіх умовах, якія прапаноўвалі патэнцыяльныя пакупнікі, расставацца з машынай ён не захацеў. Таму вырашыў паступіць нестандартна:

“Я хачу падарыць гэты аўтамабіль лепшаму (на мой погляд) футбалісту “Крумкачоў” у выпадку, калі каманда зойме першае месца.

Я не багаты чалавек, каб раскідвацца грашыма, але вельмі люблю “Крумкачоў” і не падтрымліваю прынцып халявы. Калі халява і будзе, то толькі за справу і толькі на футбольным полі”.

Адзначым, што да заканчэння чэмпіянату Беларусі камандам засталося правесці па чатыры гульні.

На гэты момант сталічныя “Крумкачы” займаюць у турнірнай табліцы другое месца, адстаючы ад брэсцкага “Руху” ўсяго на адно ачко. Каманда і сапраўды мае ўсе шанцы ў наступным сезоне гуляць у першай лізе.

Дарэчы, калі “Крумкачы” не здолеюць выйграць турнір, то Віталь Новікаў прадасць аўто “за столькі, за сколькі купяць” і аддасць грошы ў дзіцячую школу “Крумкачоў”.