Міхась Скобла

Адабраўшы ў пенсіянераў роднае правадное радыё, што наша клапатлівая дзяржава ім пакінула? Рускамоўныя АНТ і Першы канал БТ (не заўсёды беларускамоўны “Беларусь-3” ідзе далёка не паўсюль), і – усе расійскія федэральныя каналы. Ледзь не штодзённымі гасцямі ў беларускіх вясковых хатах сталі расійскія тэлешоўмены Малахаў з Салаўёвым: адзін забаўляе меладрамамі, другі напорыста прапіхвае ў галовы гледачоў імперскую палітыку.

Не адзін Гаўрыла ў Полацку, не адна тэлескрыня гаспадаром у хаце – скажаце вы. Ёсць жа, напрыклад, мясцовая прэса, якую спраўна развозяць матарызаваныя паштальёнкі. Так, раённыя газеты па-ранейшаму – асноўнае чытво на вёсцы. І сёй-той нават цешыцца з іхняй “дэкамунізацыі”: было “Ленинское знамя” – стала “Воранаўская газета”, была раёнка “За камунізм” – стала “Бераставіцкая газета”, была “Чырвоная звязда” – стала “Янаўскі край”, было “Знамя Октября” – стала “Наш час”…

Але ва ўсіх гэтых беларускіх – паводле назваў – газетах беларуская мова, як бедны сваячок, туліцца ў парозе, ёй няма ходу ў святліцу, дзе гаспадарыць мова руская. Усе галоўныя па тэматыцы артыкулы – па-руску, па-беларуску часам анекдоцік ці парады, калі сеяць агуркі.

Не адстаюць ад раёнак у справе русіфікацыі і абласныя газеты. Вось я гартаю ў бібліятэцы падшыўку “Мінскай праўды”. Нумар за 17 жніўня – ніводнага артыкула па беларуску. Нумар за 12 кастрычніка – ніводнага. І гэта на 16 палосах! Нумар за 20 красавіка – два артыкулы на мове. Сярод 40 (!) рускамоўных. У гэтым нумары маю ўвагу сваёй “трасяначнай” назвай прыцягнуў рэпартаж “Максимова криничка”, з якога я даведаўся, што, аказваецца, пітную ваду для расійскай імператрыцы Кацярыны ў Пецярбург вазілі ажно… з-пад Крупак. За васямсот кіламетраў. Коннымі вадавозамі.

Ну як на цвярозую галаву можна такое дурноцце чаўпці? У друк падпісваць? Ну чаму мы гэткія падкія да ўсяго чужога? Знойдзем і там, дзе яно ніколі не ляжала. Галоўны рэдактар “Мінскай праўды” Максім Кароткін, чаму вы лічыце чытачоў дурнямі? І хто вам даў права ў дзяржаўным выданні паслядоўна, з нумара ў нумар, ігнараваць дзяржаўную беларускую мову?..

Калонку Міхася Скоблы чытайце ў газеце “Народная Воля” за 19 кастрычніка