Фота з сайта Маскоўскай патрыярхіі

У Мінску адбыўся Сінод Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ), па выніках якога расійскія іерархі вырашылі разарваць адносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам. Аўтаматычна тое самае зробіць і БПЦ, як частка Рускай праваслаўнай царквы.

Усе гэтыя багатыя на падзеі тры дні, калі ў Беларусі прысутнічалі сябры расійскага Сінода, забяспечваліся бесперабойнай лагістыкай і абслугоўваннем гасцей.

Жытло, абеды, раз’езды, падарункі… Хто гэта ўсё аплочваў? Штосьці траціла дзяржава, але немалыя грошы сабралі і з цэркваў.

Пра якую ж суму ідзе гаворка?

Наколькі ўдалося высветліць «Нашай Ніве», сёлета ніякіх пісьмовых распараджэнняў мітрапаліта Паўла аб зборы грошай не было, пажаданні выказваліся ў вуснай форме.

Але мы знайшлі лічбы па мінулым візіце патрыярха Кірыла ў Мінск і Брэст — гэта было ў 2015-м, з 20 па 22 чэрвеня.

Па колькі ж тады скідваліся беларускія епархіі? Лічбы ўражваюць: агулам гэта $100 000!

Мы здабылі адпаведны дакумент, завізіраваны мітрапалітам Паўлам тры гады таму. У «Плане ўнясення мэтавых унёскаў на візіт Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага» ад 13.05.2015 за подпісам галоўнага бухгалтара А.І.Кахно фігуруюць такія лічбы.

Дарагі наш патрыярх: колькі візіт Кірыла каштаваў беларускім епархіям

На што за двое сутак можна выдаткаваць сто тысяч долараў?

Кіраўнік сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін адказаў «Нашай Ніве», што ён не ў курсе памераў мэтавых унёскаў ні 2015-га, ні 2018-га.

«Наколькі мне вядома, сёлета памер не ўстанаўліваўся і не абмяжоўваўся», — сказаў нам Лепін.

Абазнаныя людзі кажуць, што сёлетнія ўнёскі маглі быць у агульнай суме большымі па памеры, бо ў 2015-м світа патрыярха была сціплейшай — разам з ім не было сябраў Сінода РПЦ.

Ну і гасцявалі яны даўжэй на адзін дзень.

Шараговых святароў уразіла шматлікасць аховы патрыярха. За крытыку яе быў адхілены ад служэння мінскі бацюшка Аляксандр Шрамко. Раскошны лад жыцця патрыярха Кірыла выклікаў нараканні і даўней: яшчэ ў 2012 годзе шуму нарабіў гадзіннік коштам 30 тысяч еўра.

Варта адзначыць, што і тады і цяпер асобныя графы выдаткаў наўпрост фінансаваліся беларускай дзяржавай, напрыклад: у Мінск патрыярх Кірыл звычайна прылятае на ўрадавым самалёце беларускага боку, які забірае яго з Масквы.