Да 2020 года Беларусь не атрымае з Расіі цёмных нафтапрадуктаў. Пра такое рашэнне па выніках беларуска-расійскіх перамоваў у Маскве стала вядома з неафіцыйных крыніц, інфармуе сайт ria.ru. На іх былі зафіксаваныя «нулявыя індыкатыўныя балансы па пастаўках нафтапрадуктаў да канца 2019 года». ТАСС гэта пацвярджае, перадае Еўрарадыё.

Вядома, што ў перамовах удзельнічалі намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Ляшэнка і намеснік расійскага прэм’ера Дзмітрый Козак. БЕЛТА змясціла кароткую інфармацыю прэс-службы Міністэрства энергетыкі Расіі. Паводле яе, у Маскве быў падпісаны пратакол «аб унясенні зменаў у міжурадавае пагадненне ад 2007 года аб мерах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў і ўзгаднілі індыкатыўныя балансы і пратаколы па нафтапрадуктах на лістапад-снежань 2018 года і на ўвесь 2019 год». Каментароў беларускіх чыноўнікаў пакуль не было.

СМІ: Да 2020 года Беларусь не атрымае з Расіі цёмных нафтапрадуктаў
Падчас падпісання дакумента ў Маскве. Фота: minenergo.gov.ru

У верасні па выніках сустрэчы ў Сочы з Уладзімірам Пуціным Аляксандр Лукашэнка заявіў, што адной з галоўных тэмаў абмеркавання было пытанне перапрацоўкі ў нашай краіне цёмных нафтапрадуктаў з Расіі. Яны «рэалізоўваліся на беларускім і замежным рынках», адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Гэта не простае, складанае пытанне, — гаварыў Лукашэнка. — Мы выпрацавалі два варыянты… Фактычна яно [пытанне] вырашана, трэба выбраць той ці іншы варыянт». Пытанне кіраўнікі Беларусі і Расіі мусілі канчаткова ўзгадніць падчас нядаўняй сустрэчы ў Душанбэ.

У верасні міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак заявіў, што Мінэнерга РФ не бачыць эканамічнай мэтазгоднасці ў бяспошлінных пастаўках нафтапрадуктаў у нашу краіну. Згодна з ранейшымі міжурадавымі дамоўленасцямі, Беларусь можа імпартаваць з Расіі 24 млн тон нафты ў год. Для перапрацоўкі ўвозіцца толькі 18 млн тон, а астатні аб’ём з 2017 года можна было рээкспартаваць. Да таго ж Беларусь пакідае ў сваім бюджэце пошліны ад экспарту нафтапрадуктаў, атрыманых з расійскай нафты, а таксама пошліны ад рээкспарту нафтапрадуктаў, увезеных з Расіі.