9 кастрычніка даяркі і мэханізатары ААТ «Некрашынскі», жыхары вёскі Валосавічы Акцябрскага раёну Гомельскай вобласьці ня выйшлі на працу.

«Раённая ўлада звольніла нашага дырэктара; у нас ніхто не спытаўся, прычын не патлумачылі. Мы супраць», — патлумачыла Свабодзе адна з даярак, Валянціна.

Адкрытае акцыянэрнае таварыства «Некрашынскі» 19 гадоў узначальваў Васіль Лаханскі. Даяркі і мэханізатары хваляць яго.

«Лепшага за яго няма кіраўніка. Ён для нас стараўся. У нас у калгас едуць зь іншых вёсак працаваць. Мы будзем гарой стаяць за свайго дырэктара, адмаўляемся выходзіць на працу, пакуль яго ня вернуць», — заявіла Валянціна.

Да вяскоўцаў прыехаў старшыня Акцябрскага раённага абʼяднаньня прафсаюзаў Сяргей Зарычны.

На Гомельшчыне страйк: калгасьнікі пратэстуюць супраць звальненьня кіраўніка
Старшыня Акцябрскага раённага абʼяднаньня прафсаюзаў Сяргей Зарычны

«Ён нас угаворвае выйсьці на працу. Але прычыны звальненьня дырэктара нам не тлумачаць. Чалавек столькі гадоў адпрацаваў тут — і так яго растаптаць», — абураецца даярка.

Паводле яе, цяпер у Валосавічы прыехалі прадстаўнікі Акцябрскага райвыканкаму і міліцыі, але да людзей яны не падыходзяць.

«Яны хаваюцца за лазьняй. Сядзяць у сваіх аўтамабілях. Не каб выйсьці і пагаварыць з намі, патлумачыць сытуацыю», — дадала Валянціна.

На Гомельшчыне страйк: калгасьнікі пратэстуюць супраць звальненьня кіраўніка

У Акцябрскім райвыканкаме адказалі Свабодзе, што ведаюць пра сытуацыю і «разьбіраюцца», але таксама не назвалі прычынаў звальненьня дырэктара.

У раённай газэце «Чырвоны Кастрычнік» неаднаразова выходзілі артыкулы, у якіх дырэктара ААТ «Некрашынскі» хвалілі, а гаспадарку называлі адной з найлепшых у раёне.

Поделиться ссылкой: