Фота: Радыё Свабода

Адказ прыйшоў на імя дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай.

«Калі казаць коратка, то адказ можна зьвесьці да аднаго сказу: гэта пытаньне ня нашай кампэтэнцыі» — сказала 8 кастрычніка Свабодзе Канапацкая.

Паводле яе, паколькі ў лісьце зь Міністэрства культуры, як, дарэчы, і ў адказах яшчэ з двух міністэрстваў — унутраных спраў і юстыцыі, няма стаўленьня міністэрстваў да законапраекту і бел-чырвона-белага сьцяга, то давядзецца зьвяртацца ў іншыя інстанцыі. «Куды канкрэтна, мы вырашым з маёй калегай Аленай Анісім, таму што законапраект аб бел-чырвона-белым сьцягу мы рыхтавалі супольна», — удакладніла Канапацкая.

Абедзьве дэпутаткі выказвалі думку, што трэба дазволіць вольнае выкарыстаньне гістарычнага сьцяга ў Беларусі, у тым ліку дзяржаўнымі ўстановамі, і абараніць яго ад неправамерных перашкод у выкарыстаньні.

Пазыцыя МУС: «У пададзеным праекце закону няма нарматыўных праўных загадаў і даручэньняў», якія датычацца ведамства.

Пазыцыя Міністэрства юстыцыі: «Законапраект неабходна ўзгадніць з шэрагам дзяржаўных органаў, у прыватнасьці зь Міністэрствам культуры».