Фота з сайта novopolotsk-vitebsk.by

Буйны маршрутны перавозчык “Полацкі экспрэс” спыніў працу. З 1 кастрычніка кампанія адмяніла паездкі паміж Полацкам і Мінскам.

На сайте “Полацкага экспрэса” паведамляецца, што перавозчык спыняе працу часова. Калі адновяцца паездкі ў сталіцу і назад, не гаворыцца.

Галоўнай прычынай крызісу кампанія называе прапанаваныя ўмовы супрацоўніцтва з “Мінскаблпасажыртрансам”.

“Многія пункты дамовы не толькі ўшчамляюць інтарэсы нашага прадпрыемства, але і маюць кабальныя прыкметы, выяўленыя ва ўключэнні ў дамову пунктаў, якія супярэчаць існуючаму заканадаўству, спагнанні аплаты за паслугі, якія павінен аплачваць заказчык, уключэнне пунктаў, якія ўшчамляюць канстытуцыйныя правы, а менавіта пазбаўленне магчымасці адстойваць свае правы па гэтай дамове ў судовым парадку”, — гаворыцца ў заяве перавозчыка.