Фота: sk.gov.by

Памерла адна з пацярпелых падчас выбуху на «Магілёўдрэве». Пра гэта раніцай 1 кастрычніка ў Facebook паведаміла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова. Найхутчэй яна мае на ўвазе 57-гадовую жанчыну, у якой былі апёкі больш за 60% цела. Яе прывезлі ў Мінск у Рэспубліканскі апёкавы цэнтр Мінскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і спрабавалі выратаваць, перадае Еўрарадыё.

Выбух у фарбавальнай камеры магілёўскага прадпрыемства адбыўся 25 верасня ў 18:30, пасля чаго пачаўся пажар. У той момант у цэху быў майстар і 8 рабочых. Пацярпелі шэсць чалавек: тры мужчыны і тры жанчыны. Іх шпіталізавалі.

Расследаванне асабіста кантралюе старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч, які наведаў «Магілёўдрэў» і правёў аператыўную нараду са следчай групай. Крымінальную справу распачалі па артыкуле «парушэнне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны і правілаў бяспекі, якія прывялі да выбуху і прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў работнікам прадпрыемства».