Фота з сайта racyja.com

Крыптавалюта „петра” з панядзелка павінна пачаць працаваць як сродак для міжнародных разлікаў Венесуэлы, аднак пакуль незразумела, як менавіта будзе адбывацца гэты працэс. Эксперты не могуць спрагназаваць эфектыўнасць гэтай меры для эканомікі краіны.

Пра пачатак выкарыстання „петра” для міжнародных разлікаў абвясціў у канцы верасня прэзідэнт Нікалас Мадура. Паводле яго слоў, „петра” будзе сродкам для тавараабмену і куплі, а таксама канвертуемай валютай для ўсяго свету.

„Петра” была выпушчана ў абарачэнне з 20 лютага, гэта першая крыптавалюта, забяспечаная нафтай. Такім чынам, Венесуэла сама стала першай краінай з уласнай крыптавалютай, якая падтрымліваецца запасамі нафты. Раней Мадура вызначыў кошт аднаго „петра” коштам аднаго бараля венесуэльскай нафты, або 60 долараў (3,6 тысячы новых суверэнных балівараў).

У сваёй заяве аб выкарыстанні „петра” для міжнародных разлікаў Мадура не ўдакладніў дэталяў гэтай схемы. Між тым, эксперты пакуль называюць цьмянымі яе перспектывы на міжнародных рынках.