Фота з адкрытых крыніц

Чаму не адбыўся Марш салідарнасці з журналістамі?

Нагадаем: ідэя правядзення масавай акцыі ўзнікла пасля таго, як Следчы камітэт распачаў так званую “справу БЕЛТА”. На допыты былі выкліканы журналісты шэрагу незалежных СМІ. У той жа час у судзе разглядалі справу прафсаюзаў, абвінавачанымі па якой праходзілі лідары РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік.

Карацей, падставы для ўсплёску справядлівага народнага абурэння, здаецца, былі.

Была нават названа канкрэтная дата правядзення Маршу – 15 верасня. Але ні ў названы дзень, ні пазней ніякай акцыі ў сталіцы не адбылося.

“Апазіцыя ў чарговы раз папіярылася і нічога не зрабіла”, – гучалі папрокі на адрас арганізатараў Маршу салідарнасці.

Мы вырашылі высветліць, чаму насамрэч не адбылася акцыя.

– Прадстаўнікі аргкамітэта, а ў яго акрамя хрысціянскіх дэмакратаў уваходзілі яшчэ некалькі дэмакратычных структур, у тым ліку і прадстаўнікі прафсаюза РЭП, звярнуліся ў Мінгарвыканкам, каб атрымаць афіцыйны дазвол на правядзенне Маршу салідарнасці, – распавядае Віталь Рымашэўскі. – Мы хацелі, каб усё было па законе. Планавалася, што мерапрыемства пройдзе ў цэнтры Мінска – на плошчы Парыжскай камуны. Аднак Мінгарвыканкам не дазволіў правесці гэтую акцыю там, дзе мы хацелі. Сталічныя ўлады спаслаліся на тое, што заяўка не адпавядае пераліку месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў. Пры гэтым, як гэта звычайна бывае, нам нават не прапаноўвалі правесці мерапрыемства на плошчы Бангалор.

– Аргкамітэт пагадзіўся б на такую прапанову?

– Не. У Мінску ёсць тры легальныя пляцоўкі для правядзення мітынгаў. Акрамя пляцоўкі ў раёне плошчы Бангалор гэта Кіеўскі сквер і парк імя 50-годдзя Кастрычніка. Праводзіць мерапрыемства на “задворках” мы не збіраліся, пра што і паведамілі гарадскім уладам, настойваючы на тым, што Марш павінен адбыцца выключна ў цэнтры сталіцы. У Мінгарвыканкаме нас папярэдзілі: калі мы зладзім мерапрыемства там, дзе запланавана, – будуць аршыты.

Пасля гэтага адбылося пасяджэнне аргкамітэта. Вырашальны голас там быў за сябрамі прафсаюза РЭП. У выніку было вырашана не ісці на канфрантацыю з уладай, не падстаўляць людзей пад дубінкі…

Зараз мы шукаем іншыя формы для падтрымкі незалежных журналістаў. Плануецца, што ў Мінску пройдзе форум у падтрымку журналістаў незалежных СМІ. Зараз мерапрыемства ў стадыі падрыхтоўкі.