Фота з сямейнага архіва

Месяц таму чэмпіёнка свету ў бегу на 800 метраў нарадзіла другую дачку, а ўжо на гэтым тыдні зноў пачала трэніравацца.

– Пасля нараджэння Насці ў сям’і стала весялей, – кажа Марына Арзамасава. – Старэйшай дачцэ Аляксандры ўжо 8 гадоў, у трэці клас ходзіць. Плаваннем таксама займаецца, хаця, шчыра кажучы, пра вялікі спорт пакуль не думаем. Няхай проста атрымлівае агульнафізічнае развіццё і асалоду ад таго, што робіць. А вось пазней, гады праз два, думаю запісаць яе ў секцыю лёгкай атлетыкі. У Сашы вельмі добрая фактура для заняцця бегам на сярэднія дыстанцыі – яна высокая, худая. Нешта павінна атрымацца.

– Вы так хутка пасля родаў пачалі трэніроўкі…

– А я і на сёмым месяцы цяжарнасці яшчэ трэніравалася. Праўда, не на поўную моц, а ў больш лёгкім рэжыме – 2–3 разы на тыдзень. Хадзіла таксама ў басейн, у трэнажорную залу, каб такім чынам можна было падтрымліваць тонус мышцаў. А вось за два месяцы да родаў дала арганізму адпачынак.

Зараз пачала трэніроўкі ўжо праз два тыдні пасля таго, як нарадзіла Насцю. Але зноў-такі трэба разумець, што мае сённяшнія заняткі – гэта паступовае вяртанне да формы, а не “загрузка” арганізма на ўсе сто працэнтаў. Спачатку рабіла простыя размінкі, на гэтым тыдні пачала працаваць з трэнерам.

– А малую ў гэты час хто даглядае?

– Бацькі мужа. Натуральна, можна было б сядзець усе тры гады ў дэкрэтным адпачынку, але спартсменкі ў гэтым плане – асобная катэгорыя. Мы ж бачым, што і тая ж Дар’я Домрачава пасля нараджэння дачкі ў хуткім часе пачала трэніравацца і выступаць на спаборніцтвах, і тэнісістка Вікторыя Азаранка не сядзела ў дэкрэтным адпачынку. Таму, так: першы час, напэўна, будзе не зусім проста, але я прыняла рашэнне, і муж мяне падтрымаў.

– Дарэчы, а дзе ваш муж працуе?

–  У сістэме грамадскага харчавання на “Мінск-Арэне”. Сям’і даводзіцца няпроста, бо розныя мерапрыемствы праходзяць і ў будныя дні, і ў выхадныя, а значыць, графік работы ў нашага таты ненарміраваны. Але ж, як ужо казала, дзядулі і бабулі дапамагаюць.

– Муж спортам не займаецца?

– На аматарскім узроўні ўдзельнічаў у нейкіх спаборніцтвах па трыятлоне, марафонскія дыстанцыі бегае, трэнажорную залу наведвае. Так што нельга сказаць, што ён са спортам зусім не сябруе.

– Аматар прысутнічаў падчас родаў?

– І ён не аматар, і я не аматарка такіх эксперыментаў. Мне гэта абсалютна не патрэбна. Галоўнае, каб падчас родаў урачы былі кваліфікаваныя, а жанчына сама вырашыць свае праблемы. Навошта пры гэтым траўміраваць слабую псіхіку мужа?

– У сацыяльных сетках вы напісалі, што, калі яшчэ раз зберацеся за сыночкам альбо трэцяй дачкой, то будзеце зноў нараджаць толькі ў 6-м радзільным доме…

– Так, абедзвюх дачок я нараджала ў адным радзільным доме і ў аднаго і таго ж урача – Дзмітрыя Анатольевіча Нікіціна. Хачу сказаць, што гэта суперпрафесіянал! Дарэчы, калі я нараджала Сашу, мне тэрмін паставілі – 31 снежня. І я, шчыра кажучы, хвалявалася, каб урачы пад Новы год не зладзілі на працоўным месцы які-небудзь “галівуд” і не праспалі мае роды. Праўда, Сашка вырашыла не цярпець да Новага года і з’явілася на свет 29 снежня. А доктар, які прымаў роды, як ужо казала, аказаўся прафесіяналам, да якога мы звярнуліся і гэтым разам.

– А што наконт “сыночка альбо трэцяй дачкі”?

– Пакуль трэба, каб Насця на ногі паднялася, а ўжо затым будзем будаваць новыя планы. Ладзіць пагоню за колькасцю дакладна не варта.

– Малодшая дачка падобна на старэйшую?

– Магу сказаць, што малодшая дачка – копія старэйшай. І абедзве вельмі падобныя на мяне ў дзяцінстве. Адным словам, яблык ад яблыні недалёка падае. Што ж тычыцца характару, то мне падаецца, што Насця больш спакойная. А можа, гэта я пасля другіх родаў стала больш спакойная і вопытная і гляджу на выхаванне дзяцей іншымі вачыма. Ды і Сашка ўжо дапамагае маме ў хатніх справах і даглядае малодшую сястрычку.

– Марына, ці складана вам зараз пачынаць трэніроўкі? Усяго ж месяц як нарадзілі…

– Складана мне было трэніравацца пасля таго, як нарадзіла першую дачку. Тады быў дастаткова вялікі перапынак у трэніровачным працэсе, я набрала вялікую вагу, і гэтую праблему трэба было вырашаць.

А зараз якія цяжкасці? З вагой пытанняў практычна няма, нічога новага ў трэніроўках – таксама. Зараз усё куды прасцей. Было б здароўе!

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»