Скрыншот Еўрардыё

Кампанія “Гавары праўду” змяніла назву суполкі ў “Фэйсбуку”. Раней Яна называлася “За праўду”, а цяпер называецца “Говори правду –– движение за мирные перемены”.

Адзін з лідараў ГП Андрэй Дзмітрыеў распавёў Еўрарадыё, што гэта звязана з аптымізацыяй суполкі пад пошукавікі.

“Гэта тэхнічнае пытанне, звязанае найперш з пошукам, бо мы паглядзелі, як нас шукаюць, і збольшага людзі шукаюць менавіта “Говори правду”. Раней мы не заўсёды адлюстроўваліся ў пошуку. Таму мы прынялі рашэнне змяніць тактыку, і пры гэтым выдзеліць рух за мірныя перамены”, –– кажа палітык.

Акрамя гэтага, змянілася таксама вокладка старонкі –– цяпер гэта фотаздымак з называй суполкі. Такая ж выява з’явілася на афіцыйным сайце кампаніі.

“Гавары праўду” пераназвала суполку ў “Фэйсбуку” па-руску

Дзмітрыеў падкрэслівае, што “Гавары праўду” выступае за двухмоўе. Гэта заўсёды было часткай праграмы кампаніі.

“Мы не бачым у гэтым нейкай праблемы. Галоўнае, каб гэта было збалансавана”.

Лагатып кампаніі захаваўся ў нязменным выглядзе. Дзмітрыеў абяцае, што ў суполцы будзе больш постаў па-беларуску.