Білборды, прысвечаныя прэміі Сахарава, на ўваходзе ў Еўрапарламент. Фота з сайта Белсат

Еўрапейскі парламент абвесціў кандыдатаў на атрыманне прэстыжнай праваабарончай узнагароды.

У спіс папярэдніх намінантаў трапіў Алег Сянцоў – украінскі рэжысёр, асуджаны ў Расіі на 20 гадоў турмы за «планаванне тэрактаў у Крыме».

«Amnesty International» назвала справу «несправядлівым судовым працэсам у ваенным судзе». Ён (Алег Сянцоў) стаў сімвалам прыкладна 70 украінскіх грамадзянаў, незаконна арыштаваных і асуджаных на працяглыя тэрміны турэмнага зняволення расейскімі акупацыйнымі сіламі на Крымскім паўвостраве», – адзначаецца на сайце Еўрапарламенту.

Іншыя намінанты:

НДА, якія абараняюць правы чалавека і захаванне жыцця мігрантаў на Міжземным моры.
Сейран Атэш – нямецкая юрыстка турэцкага паходжання, якая змагаецца з палітычным і рэлігійным экстрэмізмам і прыгнётам жанчын.
Caesar. Гэта кодавае імя былога сірыйскага вайсковага фатографа, які кантрабандным шляхам перадаў больш за 55 тыс. фотаздымкаў, што выкрывалі ваенныя зверствы.
Назер Зефзафі (Nasser Zefzafi) – лідар пратэставага мараканскага руху «Хірак» («Hirak»), што разгарнуўся ў рэгіёне Рыф і ў горадзе Аль-Хосейма. Рух змагаецца з карупцыяй, прыгнётам і злоўжываннем уладай. У траўні 2017 года Зефзафі прысудзілі да 20 гадоў зняволення за «змову супраць бяспекі дзяржавы».
Дэуэйн Джонсан – амерыканец, які выйграў позву супраць карпарацыі «Montsanto» і змог давесці, што ягоны дыягназ – рак крыві – быў выкліканы гербіцыдам «Раундал», vbzякі вырабляе кампанія.
«AfriForum» – НДА, якая сваёй мэтай ставіць абарону правоў меншасцяў у Паўднёвай Афрыцы, асаблівую ўвагу надае правам афрыканераў (нашчадкаў каланістаў галандскага, нямецкага і французскага паходжання).
Мэры Вагнэр – канадская актывістка, якая змагаецца супраць спаронаў. Яе некалькі разоў арыштоўвалі і абвінавачвалі ў тым, што яна перашкаджае справам клінікі спаронаў у Таронта.

Прэмію «За свабоду думкі», якую назвалі ў гонар савецкага фізіка і праваабаронцы Андрэя Сахарава, Еўрапарламент заснаваў у 1988 годзе.