Анаіс Марын, фота n-europe.eu

Новым спецдакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі, хутчэй за ўсё, стане Анаіс Марын. Яе кандыдатуру рэкамендаваў на гэтую пасаду старшыня Савета па правах чалавека ААН Войслаў Шуц.

Марын заменіць на пасадзе спецдакладчыка па Беларусі Міклаша Харашці. Канчатковае рашэнне будзе прынятае 28 верасня — у апошні дзень 39-й сесіі Савета па правах чалавека ААН, што праходзіць у Жэневе.

Мандат спецдакладчыка па Беларусі быў заснаваны СПЧ ААН у ліпені 2012 года, а затым штогод падаўжаўся. Спецдакладчык рэгулярна рыхтуе справаздачы аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, прадстаўляючы іх Савету ААН па правах чалавека і Генеральнай Асамблеі ААН. Беларускія ўлады мандат спецдакладчыка не прызнаюць і адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з ім.

Пяць фактаў пра Анаіс Марын

1. Разумее беларускую мову і ўмее чытаць па-беларуску
Анаіс Марын нарадзілася ў 1977 годзе. Палітолаг, спецыялізуецца на міжнародных адносінах. Супрацоўнічала з Фінскім інстытутам міжнародных адносін. Акрамя беларускай мовы, якую разумее і на якой умее чытаць, свабодна валодае французскай, англійскай і рускай мовамі.

2. Была ў спісе неўязных у Беларусь
Пра гэта Анаіс Марын распавядала ў інтэрв’ю Еўрарадыё ў 2013 годзе. Ці знаходзіцца яна ў гэтым спісе цяпер, дакладна не вядома.

3. Выступала за прадаўжэнне санкцый ЕС ў дачыненні да Беларусі
Анаіс Марын настойвала на прадаўжэнні санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі да таго моманту, пакуль Беларусі не выканае ўсе патрабаванні ЕС. У той жа час лічыла, што санкцыі ў дачыненні да Беларусі не даюць належнага эфекту, а таксама была перакананая, што беларускія ўлады ніколі не пойдуць на рэабілітацыю палітзняволеных. Так ці інакш, у 2016 годзе большасць санкцыйных мер былі прыпыненыя.

4. Лічыла, што Беларусі не месца ва “Усходнім партнёрстве”
Марын сцвярджала, што Беларусь была ўключаная ў праграму “Усходняе партнёрства” беспадстаўна — толькі праз асабістыя амбіцыі асобных еўрапейскіх чыноўнікаў. Адначасова Анаіс Марын сцвярджала, што ў ЕС няма канкрэтнай праграмы развіцця адносін з Беларуссю.

5. Упэўненая, што ў ЕС няма палітыкаў, якія насамрэч разбіраюцца ў “беларускім пытанні”
Анаіс Марын выступала за “дэпалітызацыю адносін” з Беларуссю. Яна сцвярджала, што ў Еўрасаюзе няма палітыкаў, якія разумеюць, што насамрэч адбываецца ў нашай краіне. З іншага боку, беларусы ў сваёй большасці не разумеюць, чаму і навошта ЕС уводзіць свае санкцыі, і лічаць, што “ў турмах сядзяць не палітзняволеныя, а тыя, каго насамрэч недарэмна пакаралі”.

“Я не кажу, што неабходна дэпалітызаваць адносіны з рэжымам, што трэба супрацоўнічаць з рэжымам. Не! Я кажу, што неабходна распачынаць трэці шлях для нармальнага супрацоўніцтва на такім узроўні, на якім і так ужо ідзе супрацоўніцтва, — казала Анаіс Марын у інтэрв’ю Еўрарадыё. — Па асобных сектарах, па пэўных тэмах супрацоўніцтва ўсё адно ідзе. Неафіцыйна асобныя краіны ЕС, на жаль, вядуць такое супрацоўніцтва, бізнес ідзе выдатна! Я кажу пра тое, што трэба гэта рабіць адкрыта, празрыста. І каб прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці маглі маніторыць тое, што адбываецца”.