Былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі пракаментаваў “Народнай Волі” адстаўку новага кіраўніка АГП Васіля Палякова і распавёў пра праблемы і перспектывы партыі.

Нагадаем, што Васіль Палякоў быў абраны кіраўніком АГП 8 ліпеня, змяніўшы ў гэтым крэсле Анатоля Лябедзьку. Але адпрацаваў на гэтай пасадзе ўсяго два з паловай месяцы.

У мінулую нядзелю Палякоў звярнуўся да Палітсавета партыі з заявай аб складанні паўнамоцтваў кіраўніка арганізацыі. Адстаўка была прынята. Выканаўцам абавязкаў старшыні партыі стаў Мікалай Казлоў.

– Васіль Палякоў заявіў, што не ўяўляў аб’ём праблем, якія стаяць перад партыяй…

— Найперш трэба разумець, што я і Васіль Палякоў — гэта адна каманда, — кажа Анатоль Лябедзька. — Інакш ён не быў бы маім намеснікам на працягу некалькіх гадоў. Мікалай Казлоў і Васіль Палякоў — гэта таксама адна каманда. Калі б гэта было не так, то Палякоў не прапаноўваў бы Казлову стаць яго намеснікам. А вось, напрыклад, у некаторых інтэрв’ю сябра АГП і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай спрабуе паказаць, што ў партыі адбываецца нейкая кулураная барацьба.

Паўтаруся, і Казлоў, і Палякоў, і Лябедзька адносяцца да адной фракцыі каштоўнасцей, і гэта адна каманда. Што вельмі істотна.

— Праблемы, з якімі сутыкнуўся Палякоў, аказаліся для яго складанымі і невырашальнымі?
— Калі мы кажам пра праблемы, то гэта праблемы не толькі АГП, а ўвогуле праблема кіравання любой сапраўды апазіцыйнай структурай. Калі вы знаходзіцеся ў арганізацыі, якая не ўваходзіць у межы татальнага канфармізма з уладай, то, натуральна, у вас будуць праблемы. Да вас наўпрост не прыйдуць у кабінет бізнесмены, каб падтрымаць вашу структуру, не будуць патокам ісці людзі і несці матэрыяльныя рэсурсы, бо гэта не адкрывае для іх ніякіх магчымасцей для выдатнай кар’еры ці фінансавых бонусаў.

Гэта адна з самых вялікіх праблем. Вельмі цяжка знайсці рэсурсы для падтрымання той інфрастуктуры, якая ёсць. Калі нехта гэтага не ўяўляе, то гэта чалавек, які далёкі ад палітыкі.

Што датычыцца АГП, то мы застаемся буйнейшай палітычнай арганізацыяй, калі глядзець з пункту гледжаная інфраструктуры і колькаснага складу. Натуральна, гэта патрабуе дадатковых высілкаў ад кіраўніцтва партыі. За 18 гадоў сталася так, што людзі прызвычаіліся да пэўнага рэжыму працы з Анатолем Лябедзькам. Ты прыходзіш на працу і не задаеш сабе пытанне, якім чынам гэтая інфраструктура падтрымліваецца. А калі сам сутыкаешся з вырашэннем пытанняў (дзе браць грошы на аплату офісаў і гэдак далей), то пачынаюцца дадатковыя праблемы. Акрамя гэтага, ёсць яшчэ і дзейнасць партыі, на гэта таксама патрэбна рэсурсы, бо за кожным мерапрыемствам павінна быць і арганізацыйная праца, і пэўны бюджэт.

— Але вернемся да сыхода Васіля Палякова…

— Трэба адзначыць, што Васіль быў вельмі добры намеснік старшыні партыі. Ён — добры менеджар, інтылігентны і пазітыўны чалавек. І калі б у нас была сітуацыя, як у Літве ці ў Польшчы, то быў бы там добрым старшынёй партыі. Чалавек бліскуча выконваў абавязкі намесніка, але быць старшынёй партыі ў Беларусі — гэта іншае. Іншыя патрабаванні. І гэта стала для Палякова праблемай.

І абсалютная хлусня, калі тая ж Канапацкая кажа, што нехто нешта не перадаў Васілю Палякову. Відавочна, што гэта камень у мой агарод. Але, калі я сыходзіў, то ўсё было перададзена: і кантакты нашых партнёраў, з якімі працаваў, і камунікацыі. Я пакінуў гаспадарку з фінансавым плюсам і больш за тое — на некалькі месяцаў па некаторых накірунках узяў на сябе дадатковыя абавязальніцтвы, каб змена кіраўніцтва не было балючым. Напрыклад, пакінуў за сабой пытанне аплаты цэнтральных офісаў. І тут не было нейкай сітуацыі, каб новае кіраўніцтва засталося сам-насам з праблемамі. Але разам з тым я не магу адначасова добра выконваць дзве рэчы — працягваць вырашаць праблемы АГП і працаваць у новай арганізацыі.

Некаторыя пачалі ўжо займацца канспіралогіяй і казаць, што ўсе гэтыя змены ў АГП — нейкая шматхадоўка Лябедзькі, які быццам бы хоча ізноў вярнуцца ў партыю. Але я ўжо для сябе ўсё вырашыў. Калі сказаў, што не буду балатавацца на пасаду старшыні АГП, то значыцца не буду. Калі кажу, што ў мяне на бліжэйшыя два гады ёсць ужо распісаны каляндар працы, то так і ёсць. І ў гэтым каляндары няма пункта — вяртанне ў Аб’яднаную грамадзянскую партыю. На два гады я ўзяў іншы вялікі кавалак працы, які не вельмі звязаны з палітыкай. І трэба зрабіць працу якасна і добра. У той жа час я адчуваю, што нейкі час усё роўна прыйдзецца звяртаць увагу на АГП. Але пры гэтым кажу так: “Я не Дзед Мароз, каб штомесяц прыходзіць з падарункамі”.

— На ваш погляд, Мікалай Казлоў пацягне воз партыйнай працы?
— Ва ўсялякім разе, у яго ёсць вялікае жадане працаваць. Ганна Канапацкая (калі ўжо і далей аналізаваць яе інтэрв’ю) назвала Казлова чалавекам без харызмы, але гэта няпраўда. У Міколы, можа быць, не хапае досведу арганізацыйнай працы, але ён дастаткова харызматычны чалавек, які можа вакол сябе аб’ядноўваць людзей. Гэта яго плюс. Пабачым, наколькі ён гэтым скарыстаецца.

Зараз многія ў партыі пачынаюць шкадаваць Васіля Палякова. Але ж ён быў абраны яшчэ ў ліпені. І ніхто з гэтых людзей (а іх не так шмат) не прыйшоў да Васіля і не запытаў: “Чым мы можам табе дапамагчы?» А Казлоў з самага пачатку паставіў у офісе празрыстую скрыню і кідаў туды 10 працэнтаў свайго штомесячнага даходу. Дык няхай бы і Канапацкая кідала ў тую скрыню на партыйныя справы 10 працэнтаў ад сваёй дэпутацкага заробку. Прабачце, але гэта тая сітуацыя, калі ў яе лепш атрымліваецца ўсміхацца, чым адкрываць рот.

Увогуле, думаю, што Палякоў застанецца працаваць з Мікалаем Казловым. Калі ж нехта хоча пазітыўных пераменаў у партыі, то яны могуць даказаць гэта на практыцы, а не на словах. У партыі дастаткова высока паднята планка і не хацелася б, каб яна была зніжана.