Фота з асабістага архіва

Такі запіс пад здымкам, зробленым у… бібліятэцы, пакінула на сваёй старонцы ў «Інстаграме» заслужаная артыстка Беларусі Вікторыя АЛЕШКА.

«І хай грымёрка ў бібліятэцы і прыбіральня на вуліцы, але чалавечая цеплыня, гасціннасць і любоў перакрываюць усе гэтыя недахопы, – заўважыла далей спявачка. – Дзякуй велізарны жыхарам Ганцавіцкага раёна! Вы ў маім сэрцы!»

Мы пацікавіліся ў заслужанай артысткі Беларусі, дзе канкрэтна яна выступала і як часта выязджае з канцэртамі на перыферыю.

– На гэтым здымку я перад канцэртам у аграгарадку Хатынічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, – з задавальненнем распявала Вікторыя пра свае працоўныя будні. – Канцэрт адбыўся ў рамках прафсаюзнай акцыі «Мы разам». У дадатак да гэтага там яшчэ прайшлі і мясцовыя дажынкі. За дзень да выступлення ў Хатынічах у такім жа фармаце я спявала ў Хойніках.

Для мясцовых жыхароў гэтыя канцэрты бясплатныя, а для мяне – не. Ганарар выплачвае прафсаюз. Яны малайцы, з такой арганізацыяй выступлення працаваць вельмі камфортна і прыемна.

Што тычыцца сольных канцэртаў, то Вікторыя шчыра прызнаецца, што пакуль не гатова калясіць па Беларусі і збіраць палацы культуры раённых цэнтраў.

– Ёсць шэраг прычын, па якіх я не хачу гэта рабіць, – кажа спявачка. – Перш за ўсё гэта арганізацыя на месцах, якая мяне не задавальняе. Я вельмі простая і непатрабавальная артыстка, ніякіх адмысловых райдэраў не замаўляю. Але людзі на месцах часта не хочуць ісці насустрач. Магчыма, гэта толькі са мной адбываецца, многія беларускія артысты з задавальненнем гастралююць па краіне. Але ў мяне пакуль не складваецца.

– А наогул я выступаю досыць шмат, – усміхаецца Вікторыя. – Гэта і зборныя канцэрты, і мяне запрашаюць выступаць прадпрыемствы, кампаніі, фірмы. Працы шмат, і гэта прыносіць задавальненне!