Фота з сацыяльных сетак

Ініцыятарам звароту ў Мінгарвыканкам наконт таго, што ў Мінску дагэтуль не з’явілася шыльда ў гонар 100-годдзя БНР, быў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.

У размове з карэспандэнтам “Народнай Волі” ён каментуе цьмяны адказ Мінгарвыканкама, згодна з якім шыльда не з’явілася праз “шэраг зваротаў грамадскасці з негатыўным стаўленнем да пытання ўстаноўкі памятнай шыльды на вуліцы Валадарскага, 9”.

– Рашэнне аб гэтым звароце было прынята на пасяджэнні кіраўніцтва нашай партыі прыкладна тры тыдні таму, – распавядае Барысаў. – Дарэчы, зваротаў было два. Першы датычыўся ўстаноўкі шыльды, а ў другім звароце мы ад імя нашай партыі прасілі Мінгарвыканкам, каб у Мінску з’явілася вуліца 25 Сакавіка. Калі па першым звароце адказ атрыманы, то па другім яго пакуль няма.

– На ваш погляд, “звароты грамадскасці з негатыўным стаўленнем”, на якія спаслаўся Мінгарвыканкам, сапраўды існуюць? Ці гэтыя звароты напісалі міфічныя людзі кшталту ветэранаў, якія выступалі за перайменаванне сталічных праспектаў?

– Я думаю, што людзі, якія выступаюць супраць устаноўкі ў Мінску гэтай шыльды, сапраўды існуюць. Дапускаю, што і звароты ад іх ёсць. Паказальна, канечне, што Мінгарвыканкам не назваў канкрэтна гэтых людзей ці арганізацыі. Так што я не казаў бы, што гэта міфічныя асобы. У Беларусі безліч праўладных арганізацый, якія выкарыстоўваюцца ў патрэбны момант. Калі камусьці “наверсе” нейкая ініцыятыва не падабаецца, пачынаюць шукаць падставу, каб яе “зарубіць”. “Грамадскасць выказваецца супраць” – гэта стандартная фармулёўка. У якасці грамадскасці якраз і выкарыстоўваюцца згаданыя мной арганізацыі.

– Як вы мяркуеце, пытанне з шыльдай у гонар 100-годдзя БНР можа быць вырашана станоўча?

– Сыходзячы з атрыманага намі адказу, улада пакуль не сказала ні “так”, ні “не”. Таму тут шмат што будзе залежаць ад грамадства і ад дэмакратычных партый і рухаў. Я перакананы: нават пры гэтай уладзе пытанні можны вырашаць праз настойлівасць. Але шмат хто гэтым грэбуе: маўляў, усё адно нічога не вырашыцца, таму і пісаць не варта. Я перакананы: пісаць і звяртацца ва ўладныя органы трэба. Гэта прыносіць карысць, стварае фон і паказвае, што ў вырашэнні пэўных пытанняў ёсць патрэба. Таму я заклікаю ўсіх звяртацца ў Мінгарвыканкам з просьбай паскорыць усталяванне шыльды ў гонар 100-годдзя БНР.