Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч пракаментаваў «Палажэнне аб парадку папярэдняй ідэнтыфікацыі карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурса», якое распрацаванае ў Беларусі і на мінулым тыдні было вынесена на грамадскае абмеркаванне. Як вядома, галоўнае ў ім — карыстальнік, які захоча каментаваць матэрыялы на пэўным сайце, мусіць аўтарызавацца, «засвяціць» свой нумар тэлефону. У праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1» Шуневіч адзначыў, што новаўвядзенне будзе дысцыплінаваць беларускае грамадства, перадае Еўрарадыё.

«Інтэрнэт зараз — гэта зона абсалютна безадказных паводзінаў, выказванняў, меркаванняў, абраз, распаўсюджвання паклёпу, здзяйснення шэрагу канкрэтных крымінальных злачынстваў, адміністрацыйных правапарушэнняў, — гаворыць міністр. — За кожны ўчынак чалавек павінен адказваць, асабліва калі ён парушае нечыя правы, інтарэсы. Зыходзячы з гэтага, лічу мэтазгодным, правільным і своечасовым вырашэнне пытання аб ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў гэтага працэсу».

Ігар Шуневіч лічыць, што аўтарызацыя інтэрнэт-карыстальнікаў «у нейкай ступені» паставіць бар’ер «усёдазволенасці».