Фото с сайта Bchd.info
Фото с сайта Bchd.info

Пасля адбыцця дзесяцісутачнага пакарання выйшаў на волю адзін з самых актыўных удзельнікаў пратэсту ў Курапатах, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

Адміністрацыйны тэрмін ён адбываў не ў спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна, а ў ІЧУ Мінскага раёна.

У размове з “Народнай Воляй” Павел Севярынец распавёў пра тое, як прайшлі яго чарговыя “суткі”.

– На вялікі жаль, мне ёсць з чым параўноўваць, таму скажу: умовы ўтрымання і стаўленне супрацоўнікаў у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна куды горш, чым у ІЧУ Мінскага раёна. На Акрэсціна больш беззаконня.

Наконт адбытага мной арышту, то, па сутнасці, ніякіх заўваг датычна турэмнага побыту ў мяне няма. Трымалі мяне ў камеры, дзе разам са мной знаходзілася ад чатырох да шасці чалавек. Перадачы да мяне спраўна даходзілі, усё, што трэба, я атрымліваў. Падчас знаходжання за кратамі я пазнаёміўся з чалавекам, якога трымаюць там ужо больш за пяць месяцаў. Яго гісторыя мяне ўзрушыла да глыбіні душы…

– Не маглі б вы пра яе распавесці…

Сеймур Мамедгусейнаў – азербайджанец, які жыве ў Беларусі апошнія тры дзясяткі гадоў. Ніякага грамадзянства, апроч беларускага, у мужчыны няма. Мяне прыемна здзівіла тое, што ён гаворыць на беларускай мове так, як далёка не кожны, хто лічыць сябе беларусам. Яна ў яго чысцюткая, хіба што з невялікім каўказскім акцэнтам.

Павел Севярынец: “Апынуцца за кратамі магу ў любую хвіліну…”
Сеймур Мамедгусейнаў са старэйшым сынам

Дык вось, да таго, як займець праблемы з беларускімі праваахоўнікамі, Мамедгусейнаў працаваў фермерам – займаўся бульбай у Мінскім раёне.

Праблемы ў яго пачаліся пасля таго, як ім зацікавіліся супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Са слоў мужчыны вынікала, што яму настойліва прапаноўвалі супрацоўніцтва. Маўляў, Мамедгусейнаў той чалавек, які вырашае ўнутраныя канфлікты ў азербайджанскай дыяспары, а нашым праваахоўнікам патрэбна інфармацыя адтуль. Паколькі супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі ў Беларусі з’яўляецца выключна добраахотным, Сеймур вырашыў адмовіцца ад вярбоўкі. Тады ў яго забралі пашпарт. Калі Мамедгусейнаў адправіўся ў райаддзел міліцыі за даведкай, якая пацвярджала б яго асобу, яго затрымалі і адправілі за краты. У ізалятары часовага ўтрымання Мінскага раёна ён сядзіць пяць месяцаў. Без дакументаў. За гэты час на волі ў яго нарадзіўся сын. Дэпартаваць Сеймура не могуць, бо папросту няма куды. Ён стала жыве ў Беларусі. Выхаваў дзяцей, адзін з яго сыноў, дарэчы, адслужыў у беларускім войску, а сам мужчына зараз знаходзіцца паміж небам і зямлёй.

За час, пакуль Сеймур знаходзіцца за кратамі, праваахоўнікі нібыта знайшлі “інфармацыю пра крымінальныя сувязі Мамедгусейнава”. Калі гэта так, то яго павінны судзіць, але гэтага не адбываецца, яго проста “марынуюць” за кратамі.

Наколькі я ведаю, беларускія праваабаронцы займаюцца справай азербайджанца, пакуль, праўда, беспаспяхова.

– Пакуль вы знаходзіліся за кратамі, у Курапатах прайшоў масавы мітынг супраць функцыянавання рэстарана “Паедзем паядзім». Ці задаволены вы асабіста яго вынікамі?

– Тое, што ёсць прынцыповая пазіцыя пратэстоўцаў не спыняць пратэст, – гэта безумоўны плюс. Што тычыцца колькасці людзей, якія выйшлі на мітынг, то, калі шчыра, я чакаў, што будзе больш людзей.

– Зараз у вас няма ніякіх “запазычанасцяў” перад законам?

– Не, у дачыненні да мяне складзены яшчэ некалькі пратаколаў. Апынуцца за кратамі я магу ў любую хвіліну…