Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі і кіраўнік Цэнтральнай рады партыі БСДГ Станіслаў Шушкевіч распавёў пра тое, з якім адчуваннем ён перадае кіраўніцтва арганізацыяй.

Як вядома, на VII з’ездзе БСДГ новы старшыня партыі так і не быў абраны, бо ў гэты час Станіслаў Шушкевіч знаходзіўся ў лякарні. Але зараз ён ужо выйшаў адтуль і распавёў “Радыё Рацыя”, калі можа адбыцца змена кіраўніцтва.

Намеснік старшыні партыі Сяргей Чарачэнь — галоўны прэтэндэнт на гэтую пасаду.

Станіслаў Шушкевіч кажа:

— Я думаў, што на з’ездзе ўсё-такі абяруць новага лідара партыі, але ж у нас усё занадта дэмакратычна, вырашылі без мяне гэта не рабіць. І ў бліжэйшы час збярэм другую сесію з’езда, бо яго мандаты дзейнічаюць паўгода.

— Вы на новы тэрмін балатавацца не захацелі?

— Мне 83 гады, куды ўжо балатавацца? А партыя павінна амаладжвацца, гэта ж відавочна. Таму зараз, пасля шпіталя, злётаю яшчэ ў Паўднёвую Карэю на адно мерапрыемства, а напрыканцы гэтага месяца правядзём партыйнае мерапрыемства і вызначымся з кіраўніком.

— Ці задаволены вы магчымым новым лідарам партыі Сяргеем Чэрачэнем?

— Я не хачу, каб выбары рабіліся пад маім уплывам. Мне ўсе прапанаваныя кандыдатуры падабаюцца, таму няхай усё вырашыць галасаванне. У мяне ёсць свае прыхільнасці, але я не магу іх агалошваць.

— Колькі вы ўзначальвалі партыю?

— Каля 20 гадоў. І ў апошні час партыя проста стамілася ад эканамічных затрат, бо трэба было немалыя грошы плаціць за арэнду партыйных офісаў. Але колькі я не прасіўся, каб адпусцілі з партыі, мяне ўгаворвалі і пераконвалі застацца. У нашай партыі вельмі шмат дастойных людзей, а цяпер яшчэ ўлілася вялікая каманда моладзі.

— Чым можаце ганарыцца за час свайго кіраўніцтва партыяй?

— Калі казаць шчыра, то партыйная праца ў нас практычна немагчыма. Такое ў Беларусі заканадаўства і такія ў краіне выбары. І ў гэтай сітуацыі, безумоўна, трэба шукаць нейкія новыя падыходы. Можа быць, маладым гэта ўдасца зрабіць. Бо, калі мы ўжо практычна перасталі паказваць прыкметы жыцця, моладзь узбунтавалася і сказала: “Партыя павінна жыць!”