Леанід Левановіч

Вёска Пятрылава на Вілейшчыне – проста райскі куток. Лес кругом, паветра гаючае, птушкі спяваюць. Нешматлікія хаты атулены садамі і вінаграднай лазой. А цішыня – як у космасе. Умовы для творчасці – лепшых не трэба. Яшчэ чвэрць стагоддзя таму гэта зразумеў пісьменнік Леанід Левановіч, які пакінуў тлумную сталіцу і стаў паўнапраўным вяскоўцам.

У вёсцы ён адзначае і сваё 80-годдзе, перад якім у творцы пабываў карэспандэнт «Народнай Волі».

– Леанід Кірэевіч, як вы, нараджэнец Магілёўшчыны, апынуліся тут, на Вілейшчыне?

– Вёска наша сапраўды як у вяночку – з усіх бакоў лес. Прыехаў я сюды 30 гадоў
таму з адной мэтай – купіць тут хату і перавезці на Лысую Гару, дзе былі пісьменніцкія
лецішчы. Нагледзеў адну, а гаспадыня кажа: «Ну добра, купіш ты ў мяне хату, а каму застануцца хлявы, студня і склеп? Купляй усё і жыві тут». А вакол так чаборам пахла! І мне падумалася: дай я куплю гэты чабаровы хутар. Вельмі мне захацелася тут застацца. Спачатку я ездзіў у Пятрылава як на лецішча, а з 1992 года жыву тут стала. Даглядаю пчол, невялічкую гаспадарку і пішу свае раманы.

– А з жыўнасці што трымаеце?

– Раней разводзіў трусоў, цяпер засталіся толькі куры і пчолы. Пчолы – маё даўняе захапленне. Да пчалярства мяне прывучылі цешча і цесць. Яны жылі тут непадалёк на хутары, каля рэчкі Канатопка, на стыку Вілейскага і Маладзечанскага раёнаў. Я неяк быў у горадзе, а тут у суседкі вылецеў пчаліны рой, і жонка яго купіла. Гэта было ў 1987 годзе. З таго часу і «ўліп» я ў гэту справу. Аднойчы, калі ў часопісе «Нёман» я
пад сваім сапраўдным імем-прозвішчам надрукаваў вялікі нарыс «Белорусский
мед», галоўнаму рэдактару Андрэю Макаёнку патэлефанаваў нейкі чытач і пацікавіўся: «А калі гэта Леанід Лявонаў прыязджаў з Масквы? Так здорава напісаў пра беларускі мёд!» А Леанід Лявонаў, аўтар рамана «Русский лес», тады грымеў на ўвесь Савецкі
Саюз. І Андрэй Ягоравіч параіў мне: «Шукай, братка, псеўданім, бо твае ганарары
будуць памылкова ў Маскву пасылаць». Доўга я шукаў той псеўданім. І вось аднойчы ў доме творчасці «Каралішчавічы» апынуўся за адным сталом з Іванам
Мележам. І ён з такой спачувальнай усмешкай кажа: «Але ж і дагадзілі вам бацькі з імем-прозвішчам – Леанід Лявонаў. Мая вам парада – падпісвайцеся Левановіч.
Паслухаўся я Івана Паўлавіча. І так ужо прывык, што калі клічуць Лявонавым, то я
нават не рэагую…

Размову з Леанідам Левановічам чытайце ў газеце “Народная Воля” за 14 верасня

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, дабаўце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя

один × 1 =