Анатоль Шумчанка. Фота: TUT.BY

1 кастрычніка ў Мінску запланавана правядзенне чарговага форуму прадпрымальнікаў.

Напярэдадні мерапрыемства старшыня РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка распавёў “Народнай Волі”, з якімі праблемамі і надзеямі беларускія прадпрымальнікі падыходзяць да яго.

– Як вядома, у Беларусі змяніўся ўрад, туды прыйшлі новыя людзі, але пакуль змена твараў ніяк не палепшыла становішча прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу, – гаворыць Шумчанка. – Прадпрымальнікі ў Беларусі па-ранейшаму вымушаны выжываць “з пятлёй на шыі”.

На сённяшні дзень адна з галоўных праблем, з якой сутыкаюцца прадпрымальнікі, – аплата падатку на дададзеную вартасць на тавары, увезеныя ў Беларусь з Расіі. Закон патрабуе, каб яны мелі анлайн-чэкі. Аднак не ўсе расійскія фірмы такія чэкі выдаюць. Таму любога прадпрымальніка, які ўвозіць тавар з Расіі, можна абанкруціць. Атрымліваецца: спачатку чалавек аплачвае ПДВ без чэкаў, а потым яшчэ можа быць аштрафаваны за парушэнне закандаўства, бо дакументы, пададзеныя на ўплату падатку, без анлайн-чэкаў з’яўляюцца несапраўднымі.

Ні адзін дзяржаўны орган пакуль не даў яснага адказу на пытанне, якая адказнасць прадугледжана за ўвоз у Беларусь тавараў з Расіі без анлайн-чэкаў. Напрыклад, у галоўным упраўленні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі нашай арганізацыі афіцыйна адказала: маўляў, гэта не наша кампетэнцыя.

Але, ведаючы, што ў Беларусі некаторыя рашэнні прымаюцца “заднім чыслом”, нельга выключаць, што рана ці позна дзяржава возьмецца за прадпрымальнікаў, якія трапілі ў гэтую пастку. І колькасць збанкрутаваных і папросту абкрадзеных прадпрымальнікаў можа павялічыцца.

– Ці ёсць у вас упэўненасць у тым, што на форуме прадпрымальнікаў гэта праблема будзе вырашана?

– Для гэтага патрэбна, каб у працы форуму ўзялі ўдзел прадстаўнікі ўлады. Мы выслалі афіцыйныя запрашэнні ва ўрад, Міністэрства эканомікі. Але, папярэднюю згоду атрымалі пакуль толькі ад Яраслава Раманчука, які ўваходзіць у Раду па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце краіны.