У хакеістаў мінскага «Дынама» чацвёртае паражэнне ў чатырох матчах. Каманда няўдала стартавала ў чэмпіянаце КХЛ і заслужана займае апошняе месца ў канферэнцыі «Захад».

Спачатку былі тры паражэнні ў гасцях, у панядзелак дынамаўцы прайгралі на «Мінск-Арэне» фінскаму «Ёкерыту» — 1:4 (0:1, 0:1, 1:2). Першую шайбу ў браму сваёй былой каманды закінуў Джэф Плат на 17-й хвіліне. А пасля заляцелі яшчэ дзве. Абаронца Крысціян Хенкель скараціў разрыў у ліку. А пасля на апошняй хвіліне была прапушчана яшчэ і шайба ў пустую браму. Разгром… Яго назіралі больш за 12400 заўзятараў.

У сераду, 12 верасня, мінскае «Дынама» прымае маскоўскі «Спартак», пачатак у 19:30.