Аркадзь Ізраілевіч за сталом злева. Фота: Еўрарадыё

10 верасня ў судзе Савецкага раёна Мінска быў вынесены прысуд па справе аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі бізнесоўца Аркадзя Ізраілевіча.

Адказчыкамі выступалі газета “Новы час” і незалежны журналіст Дзяніс Івашын. Выданне публікавала расследаванне Івашына, у якім сцвярджаецца, што кампанія Ізраілевіча, ТАА “ІВ”, з’яўляецца бенефіцыярам будаўніцтва скандальна вядомай рэстарацыі “Поедем поедим” у Курапатах каля народнага мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Ізраілевіч заявіў, што гэта няпраўда, і запатрабаваў у газеты апублікаваць абвяржэнне інфармацыі, а таксама матэрыяльнай кампенсацыі — 40 тысяч беларускіх рублёў (за “эмацыйныя перажыванні і пагаршэнне фізічнага стану”).

У выніку Ізаілевіч прайграў суд, іск быў адхілены. Ён мусіць заплаціць 600 рублёў кампенсацыі адказчыкам за паслугі адвакатаў.

Галоўная рэдактарка “Новага часу” Аксана Колб у каментары Еўрарадыё сказала, што, нягледзячы на прысуд, гатовая прадаставіць Аркадзю Ізраілевічу магчымасць патлумачыць сваю пазіцыю на пляцоўцы свайго выдання. Яна радая, што “суд стаў на бок справядлівасці”.