Фота: president.gov.by

31-ы міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў адкрыўся сёння ў Мінску, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У кангрэсе прымаюць удзел больш за 80 касманаўтаў з 17 краін – Расіі, ЗША, Кітая, Казахстана, еўрапейскіх дзяржаў, а таксама вучоныя, прадстаўнікі беларускіх ВНУ, прадпрыемстваў.

Міжнародны касмічны кангрэс-2018 адкрыўся ў Мінску

Міжнародны касмічны кангрэс-2018 адкрыўся ў Мінску
Фото: president.gov.by

Пасля адкрыцця запланаваны дзве тэхнічныя сесіі. Першая з іх будзе прысвечана тэме кангрэса – “Мы ствараем касмічную будучыню”. У час другой сесіі касманаўты, якія вярнуліся з арбіты за апошні год, выступяць са справаздачай аб сваіх палётах.

Кангрэс прадоўжыцца да 15 верасня. Цырымонія ўскладання кветак да манумента Перамогі запланавана на 11 верасня. Затым у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі арганізуюць дзве тэхнічныя сесіі. Іх аб’ядноўвае тэма “Наша будучыня ў космасе”.

Дзень супольнасці пройдзе 12 верасня. У гэты дзень касманаўты плануюць наведаць беларускія школы, універсітэты, інстытуты Нацыянальнай акадэміі навук, Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча.

13 верасня праводзіцца яшчэ адна тэхнічная сесія – па космасе і навуцы.

Генеральная асамблея асацыяцыі, бізнес-сесіі адбудуцца 14 верасня.

Затым удзельнікі кангрэса закладуць у Батанічным садзе Алею касманаўтаў. Кожны касманаўт пасадзіць калонападобны ядловец, крона якога мае форму ракеты. Таксама для гасцей будуць арганізаваны экскурсіі па знакавых мясцінах Беларусі і культурная праграма.

Асацыяцыя ўдзельнікаў касмічных палётаў – міжнародная некамерцыйная арганізацыя, якая аб’ядноўвае касманаўтаў са многіх краін, – створана ў 1985 годзе для абмену вопытам у галіне пілатуемых касмічных палётаў. Міжнародны кангрэс АУКП штогод збірае касманаўтаў, а таксама прадстаўнікоў навукова-даследчых устаноў і нацыянальных касмічных агенцтваў.