Фота: Еўрарадыё

Старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч у праекце «Размовы ў прэзідэнта» на тэлеканале «Беларусь 1» пракаментаваў гучную «справу Коржыча».

У чацвер ён дакладаў пра яе кіраўніку дзяржавы. Як вядома, у Мінску праходзіць суд, абвінавачваюцца тры сяржанты, піша Еўрарадыё. «Грамадства ўзрушана: чаму ў судзе асноўныя прэтэнзіі адрасаваныя сяржантам і чаму няма афіцэраў?», — спытаў журналіст.

Вось што сказаў Іван Наскевіч: «У якасці абвінавачаных па дадзенай крымінальнай справе прыцягнутыя тры малодшыя камандзіры, тры сяржанты гэтай роты, якім выстаўленыя абвінавачанні ў перавышэнні ўлады, што пацягнула цяжкія наступствы. А менавіта: давядзенне да самагубства радавога Коржыча.

Мушу сказаць, што ў рамках расследавання гэтай крымінальнай справы распачата 10 крымінальных спраў у дачыненні да 13 асоб, якія тычацца нестатутных узаемаадносін у гэтай вайсковай частцы. Восем спраў ужо накіраваны ў суд, яшчэ дзве знаходзяцца на завяршальнай стадыі.

Што тычыцца ўзроўню адказнасці. У крымінальнай праве ў нас замацаваны прынцып персанальнай адказнасці. Гэта значыць, што з кропкі гледжання следства абвінавачанне выстаўленае менавіта тым фігурантам, якія, на нашу думку, вінаватыя ў тым, што салдат звёў рахункі з жыццём. Зразумела, што можна гаварыць пра апасродкаваную віну. У гэтай сувязі надыходзяць і іншыя віды адказнасці. У прыватнасці, камандзір часткі звольнены, камандзір роты таксама прыцягваецца да крымінальнай адказнасці, за тыя злачынствы, якія інкрымінуюцца яму. Таксама прыцягваецца да крымінальнай адказнасці і прапаршчык, старшына гэтай роты, зноў жа яму інкрымінуецца менавіта тое, у чым ён вінаваты.

Я ўпэўнены, што следчай групай зроблена ўсё, што магчыма было ў дадзенай сітуацыі. На адрас Міністэрства абароны ўнесеныя адпаведныя акты рэагавання. Я спадзяюся, што прынятыя адпаведныя жорсткія меры. І хацелася б верыць, што падобныя рэчы паўтарацца ў будучыні не будуць».

Цела Аляксандра Коржыча знайшлі ў падвале медроты вайсковай часткі ў Печах у кастрычніку мінулага года. Ён правісеў у пятлі тыдзень. Расследаванне гучнай справы доўжылася паўгода. У красавіку 2018-га Следчы камітэт паведаміў, што Коржыча давялі да самагубства калегі. Маці салдата ў гэтую версію не верыць.