Фота: euroradio.fm

Учора вечарам у Мінску была прэзентавана новая форма нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе. У ёй нашы спартсмены будуць выступаць бліжэйшыя чатыры гады.

Вядома, што ў адпаведнасці з кантрактам, які падпісаны паміж асацыяцыяй “Беларуская Федэрацыя футбола” і італьянскай кампаніяй “Macron”, менавіта апошняя будзе пастаўляць поўны спектр абноўленай спартыўнай экіпіроўкі для нацыянальнай і маладзёжнай зборных Беларусі з 2018-га па 2022 год.

Менеджар па марке кампаніі “Macron” Франчэска Марцінелі, які курыруе выкананне кантракта, заўважыў: “Сумесная праца была вельмі карыснай. Мы здолелі стварыць асаблівы і ўнікальны дызайн формы, у якім адлюстраваны традыцыі і гісторыя Беларусі”.

Дэбют нацыянальнай зборнай у новай форме адбудзецца 8 верасня, калі нашы футбалісты правядуць першы хатні матч у межах новага турніру – Лігі нацый. Сапернікамі падначаленых Ігара Крывушэнкі стане зборная Сан-Марына.