Аляксандар Лукашэнка 22 жніўня прыехаў у расейскі Сочы на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным. Прэс-служба Пуціна расказвае пра сустрэчу больш падрабязна за прэс-службу Лукашэнкі.

Было анансавана, што сустрэча з Уладзімірам Пуціным на ягонае запрашэньне ладзіцца, каб «падрабязна абмяркаваць шырокі спэктар пытаньняў» і «сусьветную павестку дня».

За два тыдні да сустрэчы Аляксандар Лукашэнка казаў, што «ў нас цяпер цяжкі пэрыяд, расейцы паводзяць сябе па-барбарску», «як быццам мы васалы ў іх». У нядзелю ён пераконваў, што «ня езьдзіць у Крэмль даваць справаздачы».

У Сочы Лукашэнка, калі сустрэўся з Пуціным, заявіў, што запрашэньне было на тое, каб «трохі адцягнуцца ад нашых праблемаў жыцьцёвых, прэзыдэнцкіх».

Ён адзначыў, што намагаецца «пры любым зручным выпадку» прыехаць у Сочы, дзе «побач за плотам шматок беларускай зямлі», каб «на тры-чатыры дні адысьці ад тых праблемаў, якія заўсёды назапашваюцца».

Лукашэнка дадаў, што праблемы не назапашваюцца па тых напрамках, якія ёсьць між ім і Пуціным: маўляў, ёсьць тыя, якія рашаюцца хутка, а новыя за апошні час не зьяўляліся.

«Але, тым ня менш, гэтыя праблемы бяз нас ніхто ня вырашыць, — казаў ён. — І некаторыя праблемы і ня нашыя даводзіцца вырашаць, як у нас часта з вамі бывае. Таму сапраўды ёсьць пра што пагаварыць. І я буду рады, калі вы папоўніце мае веды ў пляне міжнародных адносінаў, вашых сустрэчаў, вашых уражаньняў і супольных дзеяньняў на міжнароднай арэне».

Пуцін жа сказаў, што «рады магчымасьці (…) паразмаўляць з вока на вока, што завецца, па пытаньнях, якія тычацца нашых двухбаковых і нашых праблемаў міжнароднага характару».

«Маю на ўвазе аб’яднаньні, дзе мы з вамі працуем супольна, — дадаў Пуцін. — І міжнародныя пытаньні больш шырокага характару».

Што за праблемы і што за пытаньні, ані Пуцін, ані Лукашэнка публічна не казалі.

Лукашэнка не пайшоў на самба з Пуціным

Сустрэча адбывалася напярэдадні турніру па самба «Плотформа S-70». Расейскія СМІ пісалі, што Пуцін і Лукашэнка наведаюць спаборніцтвы разам — пра гэта казаў у тым ліку прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў. Ды Пуцін глядзеў самба адзін.

Пасьля турніру Пяскоў заявіў журналістам, што «нічога ня здарылася, у Лукашэнкі былі іншыя пляны, перамовы прайшлі вельмі добра».