У працэсе па «справе РЭП» 17 жніўня пракурорка агучыла свае прапановы па пакараньні Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.

Пракурор Ліліяна Літвінюк папрасіла пакараць старшыню незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзя Фядыніча і бухгальтара РЭПу Ігара Комліка 5 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, канфіскацыяй маёмасьці і забаронай займаць кіроўныя пасады цягам 5 год.

Яна сьцьвярджае, што абвінавачаныя ўсьведамлялі злачыннасьць сваіх дзеяньняў і гэта пацьвярджаецца знойдзенымі падчас ператрусаў у офісе РЭП схованкамі. Меру стрыманьня — падпіску аб нявыезьдзе — пракурорка прапануе пакінуць ранейшай.

Дом Фядыніча ў Сухадолах прапануе канфіскаваць, але кватэру, дзе жыве ягоная сям’я, вызваліць ад арышту.

Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка абвінавачваюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў. Як лічыць сьледзтва, па віне сваіх лідэраў прафсаюз РЭП не сплаціў у дзяржаўны бюджэт падаткаў на агульную суму 22 тысячы 867 рублёў 10 капеек. Абвінавачаньне падало пазоў аб спагнаньні маёмаснай шкоды на гэтую суму.