Аляксандар Рабцэвіч
Аляксандар Рабцэвіч

15 жніўня ў Ганцавіцкім раёне хаваюць двухмесячнага Кірыла Рабцэвіча, які памёр пасьля прышчэпкі.

Цела дзіцяці пасьля экспэртызы аддалі бацькам у аўторак. Маленькая труна стаіць у хаце Рабцэвічаў у вёсцы Вялікія Круговічы. Сюды ідуць аднавяскоўцы са спачуваньнямі.

Аляксандар Рабцэвіч, бацька хлопчыка, які памёр 13 жніўня, у размове з карэспандэнтам Свабоды ня мог стрымаць сьлёз.

«Сказалі, што ўсё, што мы маглі зрабіць, мы зрабілі… Гэта значыць, што нічога не маглі зрабіць — проста забілі дзіця. Я па-іншаму ніяк не магу сказаць… У мяне як у бацькі разрываецца сэрца — самі завялі на сьмерць дзіця», — кажа ён.

У сям’і Аляксандра і Вольгі Рабцэвічаў застаўся адзін малы хлопчык. Ён яшчэ не разумее, што браціка ня стала, і гуляецца ў двары каля хаты з цацкамі.

Аляксандар кажа, што дзеці былі для іх чаканымі, яны ўсяляк іх песьцілі і гатовыя былі аддаць усё дзеля іх здароўя.

«Ну чаму ня кажуць людзям пра тое, што можна гэтыя бясплатныя прышчэпкі калоць, а можна дарагія аналягі? Мы ж пра гэта ня ведалі! Няўжо вы думаеце, я б пашкадаваў тых 70 ці колькі там рублёў на лепшую прышчэпку свайму сыну? Ды я б яму ўсё аддаў! Але нам проста не далі выбару», — кажа Аляксандар Рабцэвіч.

14 жніўня бацькоў апытвалі ў Сьледчым камітэце, дадае Аляксандар Рабцэвіч.

«У Сьледчым камітэце апыталі нас, сказалі, што гэтай справай займаецца вобласьць, рэспубліка. Сказалі, пра ўсё будуць паведамляць у пісьмовым выглядзе. І крымінальная справа, мне сказалі, ужо ёсьць, але няма матыву. Пасьля ўскрыцьця мэдэкспэрт мне казала, што ўсе органы дзіцяці здаровыя — што сэрца, што печань… Нават няма ацёку лёгкіх, які бывае пры анафіляктычным шоку».

Бацька кажа, што будзе дабівацца, каб за сьмерць дзіцяці адказныя панесьлі пакараньне.

«Я ня ведаю, чыя гэта халатнасьць. Міністэрства аховы здароўя, якое загадала рабіць у два месяцы гэтыя прышчэпкі. Ці, можа, няправільна аказаная мэдычная дапамога. Можа, і ня трэба было ўсяго гэтага калоць… Але я не пакіну гэтага. Я не хачу нагаворваць, я не хачу злосьці, але я хачу праўды — калі міністэрства, то няхай міністэрства адказвае, калі мэдсястра — то хай яна адказвае. Але як вопыты ставіць на маленькіх дзетках?»

Цяпер у Ганцавічах працуюць сьледчыя зь Берасьця, а Міністэрства аховы здароўя стварыла адмысловую камісію ды прыпыніла ўвядзеньне тых прышчэпак па ўсёй краіне.