Фота: pixabay.com
Фота: pixabay.com

Двухмесячная дзяўчынка ў Ганцавічах апынулася ў рэанімацыі пасля планавай прышчэпкі, паведамляе Радыё “Свабода”. Напярэдадні стала вядома, што пасля такой самай прышчэпкі тамсама памёр двухмесячны хлопчык, перадае Еўрарадыё.

Вікторыя Сукач з вёскі Вялікія Круговічы Ганцавіцкага раёна прыйшла ў вясковы фельчарска-акушэрскі пункт з дачкой на прышчэпку. Яна нават паспела перакінуцца словам з Вольгай Рабцэвіч, маці памерлага хлопчыка Кірыла.

Пасля прышчэпкі ў дзяўчынкі паднялася тэмпература. Вікторыю з двухмесячнай дачкой Ульянай паклалі ў рэанімацыю ў дзіцячым шпіталі ў Баранавічах.

“Прыйшлі дахаты, праз гадзіну памералі тэмпературу, было 37,2. Дзіця паела і адразу ўсё зрыгнула такім кіслым малаком. Звярнулася ў амбулаторыю, каб выпісалі бясплатны рэцэпт дзіцяці. Увесь час дзіця было ў мяне на руках, гістэрычна плакала, задыхалася. Не ведалі, што рабіць, выклікалі хуткую. Урач хуткай нас агледзеў ды адразу на рэанімацыю ў Ганцавічы накіраваў. У рэанімацыі нешта ўкалолі, паставілі кропельніцу, дачка паспала. Потым прыехалі баранавіцкія лекары, паглядзелі і вырашылі нас забраць”, — распавядае жанчына.

Дачцэ Вікторыі, як і памерламу хлопчыку, прышчэпкі калола лекарка з Агарэвіцкай амбулаторыі, якая прыязджала ў ФАП у Вялікія Круговічы. Па словах маці, дзяўчынцы зрабілі два ўколы: “Адзін з французскай прышчэпкай, другі — з карэйскай, ад гепатыту, слупняку”. Вікторыя дадае, што гэтыя прышчэпкі раней калолі дзецям у тры гады, а цяпер вырашылі — у 2 месяцы.

Па факце смерці дзіцяці ў Ганцавічах працуюць следчыя. Сёння яны апытвалі бацькоў памерлага хлопчыка. Прычыны смерці высвятляе спецыяльная камісія Мінздароўя. Паведамляецца, што выкарыстанне лекаў, уведзеных памерламу дзіцяці, часова прыпыненае.