На 1,5 капейкі падаражэў сёньня даляр. Цяпер ён складае 2,0707 рубля. Гэта максымальная цана за амэрыканскую валюту за ўвесь 2018 год. Тым часам расейскі рубель страціў 1,09%.

На беларускай валютна-фондавай біржы скончыліся таргі. Усьлед за падзеньнем рубля ў Расеі панізіўся і курс беларускай валюты. Папярэдні рэкорд цаны даляра фіксавалі ў красавіку. Тады ягоны курс складаў 2,0698 рубля за адзін даляр.

Таксама сёньня вырас і эўра — да 2,3554 рубля.

У той жа час расейскі рубель у Беларусі патаньнеў больш як на 1%. За 100 расейскіх рублёў сёньня даюць 3,0415 беларускага. Гэта на 3 капейкі меней, чым на папярэдніх таргах.

Як пісала Свабода, ад 9 жніўня пачалося падзеньне расейскага рубля. Праз амэрыканскія санкцыі даляр у Расеі спачатку падаражэў з 63,6 да 66 рублёў, а сёньня — да 66,9075. Для расейскай валюты гэта найніжэйшы курс да даляра з 2016 году.
Экспэрт тлумачыць, што адбываецца

«Насамрэч нічога незвычайнага ў нас не адбываецца», — сказаў Свабодзе Валеры Палхоўскі, старшы аналітык групы кампаній Forex.

Па ягоных словах, у выпадку моцных ваганьняў расейскага рубля ў Беларусі спачатку аслабляецца курс расейскага рубля, бо насельніцтва не маніторыць яго. Калі ў Расеі тэндэнцыя аказваецца доўгатэрміновай, у Беларусі паступова падцягваюць курс беларускага рубля да расейскага за кошт плаўнага аслабленьня курсу беларускага рубля да даляра.

Падзеньне зьвязанае з заявай, што ўлады ЗША з 22 жніўня ўводзяць у дачыненьні да Расеі новыя санкцыі, зьвязаныя з атручваньнем Сяргея і Юліі Скрыпалёў хімічным рэчывам «Навічок» на тэрыторыі Вялікай Брытаніі, у выніку чаго загінула грамадзянка Вялікай Брытаніі Дон Стэрджэс. У адпаведнасьці з законам 1991 году ўжываньне якой-небудзь краінай біялягічнай і хімічнай зброі цягне за сабой абмежавальныя захады з боку ЗША. Санкцыі могуць закрануць «Аэрафлёт», якому могуць забараніць палёты ў ЗША.

Консульства РФ у ЗША ўжо назвала гэтыя санкцыі «драконаўскімі».

Аднак Валеры Палхоўскі ня лічыць, што цяперашнія ваганьні курсу даляра будуць мець сур’ёзныя наступствы.

«Я ня веру, што сур’ёзныя тэндэнцыі пачынаюцца. Санкцыі ні ў якім разе ня будуць мацнейшымі за тыя, якія ўводзіліся супраць Расеі раней. Пэўнае аслабленьне рубля ў межах 6% нармальнае па вялікім ліку», — кажа фінансавы аналітык.

Ён дадаў, што зараз захоўваюцца высокія кошты на нафту — у межах 70–80 даляраў за барэль.

«Пры такім кошце чорнага золата ня думаю, што ў Расеі ёсьць патрэба дэвальваваць нацыянальную адзінку».