Фота з сайта Наша Ніва
Фота з сайта Наша Ніва

Кніга гэтая заінтрыгоўвае ўжо сваім прысвячэннем: “Маім продкам, здольным у бітвах і ложках”. Ці не ўпершыню здольнасці продкаў у ложках сталі прадметам адмысловага навуковага даследавання. Гэта ў СССР сексу не было, а ў ВКЛ быў, ды яшчэ які! Ён параўноўваўся з ратнай бітвай. Нездарма сярод ліцвінскай шляхты хадзіла прыказка: “Дзіця зрабіць – як маскву пабіць”. А ратуючыся ад сексуальна заклапочаных ліцвінаў, французы нават пасадзілі аднаго з Радзівілаў за яго амурныя подзвігі ў Бастылію… Сюжэты ў кнізе – хоць сцэнарыі пішы; думаецца, што абудзіць да жыцця даўно заснулую летаргічным сном кінастудыю “Беларусьфільм” магла б якраз экранізацыя манаграфіі Наталлі Сліж “Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў XVI–XVII стагоддзях”.

Міхась Скобла: Наталля, у адной старадаўняй песні пяецца: “Ехаў шляхціч да нявесты – пад капытам камень трэснуў”. У гэтай метафары – і нецярпенне, і жарсць. Але, як вынікае з вашай кнігі, нявесце той магло быць усяго 15 гадоў. Чаму ў Вялікім Княстве дзяўчаты так рана выходзілі замуж?

Фота з сайта Сцяна
Фота з сайта Сцяна

Наталля Сьліж: Не рана, калі ўзгадаць сярэднюю працягласць жыцця ў тыя часы. Калі чалавек пражываў 50 гадоў, ён лічыўся доўгажыхаром. Тады людзі і псіхалагічна сталелі значна хутчэй. Юнак ужо з 12 гадоў браўся ў вайсковыя паходы. Да таго ж, роды нярэдка маглі скончыцца смерцю. Антысептычных сродкаў не хапала, вельмі лёгка можна было атрымаць інфекцыю. Скажам, родавая гарачка тады заканчвалася фатальна. Таму калі пры такім раннім шлюбе жанчына паспявала нарадзіць некалькіх дзяцей, гэта лічылася вялікім шанцункам. У мужчынаў працягласць жыцця была таксама невялікая, бо ўвесь час праходзілі войны. І перад тым, як паехаць на вайну, мужчына пісаў тастамент. Існавала вялікая праблема – дагадаваць дзяцей да сталасці. Таму, як толькі надыходзіў дзетародны ўзрост, заключаўся шлюб, каб былі нашчадкі.

М. С.: Нас і сёння абурае, што полацкая князёўна Рагнеда кіеўскім князем Уладзімірам была ўзята за жонку гвалтам. Але ці не было гэта ў той час і пазней звычайнай справай?

Эшафот за шлюбную здрадуН. С.: Не, звычайнай справай гэта не было. Тут трэба звярнуць увагу на адзін момант. Быў стан міру і стан вайны. Сітуацыя Уладзіміра і Рагнеды – якраз стан вайны. Гвалт над дачкой пераможанага быў дэманстрацыяй падпарадкавання дзяржавы, акт прыніжэння. Кожны заваёўнік гвалтаваў жанчын на той тэрыторыі, якую падпарадкаваў. Гэта быў паказ сілы і дэманстрацыя таго, што з гэтай тэрыторыяй і яе насельніцтвам пераможца зробіць усё, што заўгодна.

М. С.: “Гэта сапраўднае мастацтва – і маскву пабіць, і дзіця зрабіць”, – пісаў адзін з Радзівілаў другому Радзівілу, які быў вялікім гетманам і камандаваў войскам ВКЛ. Няўжо ў той час адносіны ў ложку прыраўноўваліся да вайсковага подзвігу?

Н. С.: Тут справа не ў подзвігах. Справа ў тым, што праява мужчынскай моцы вымяралася яго вайсковымі ўчынкамі. Лічылася, наколькі мужчына добры ваяр, настолькі ён добры і ў сексе. І публічнай дэманстрацыяй мужчынскай патэнцыі былі менавіта вайсковыя ўчынкі. Калі мы кажам пра гендэрныя стэрэатыпы таго часу, то мужчына найперш мусіў быць добрым ваяром. Калі мы чытаем панегірычныя казанні на хвалу нейкага роду, то там заўсёды падкрэсліваюцца вайсковыя ўчынкі: удзелы ў бітвах, камандаванне вайсковымі адзінкамі і г.д. Вайсковая мужнасць атаясамлівалася з сексуальнай патэнцыяй.

М. С.: Як рэгуляваліся шлюбныя адносіны ў ВКЛ? Якія правы мелі мужчыны, а якія жанчыны?

Н. С.: Гендэрная няроўнасць была прапісана нават у заканадаўстве. Напрыклад, каб выйсці замуж, дзяўчыне патрабаваўся афіцыйны дазвол бацькоў. Мужчыну – не. У трэцім Статуце ВКЛ ёсць артыкул, які пазбаўляе дзяўчыну маёмасці, калі яна не жадае выйсці замуж і вядзе распусны лад жыцця. Такога ж артыкулу адносна мужчыны няма. Такім чынам, займацца распустай з гледзішча Статуту ВКЛ маглі толькі жанчыны. Шляхецкаму грамадству патрэбны былі нашчадкі, ваяры, таму мужчыны і мелі перавагу. Большыя правы з’яўляліся ў жанчыны, калі яна станавілася ўдавою. Тады ёй ніхто не мог нічога сказаць. Яна сама займалася гаспадаркай, калі хацела – другі раз ішла замуж, не хацела – яе ніхто не мог прымусіць.

М. С.: Наколькі ў тыя часы былі пашыраны дашлюбныя адносіны?

Н. С.: Дашлюбныя адносіны мелі месца, іх не асабліва пільнавалі, асабліва ў ніжэйшых слаях грамадства. Былі і нявенчаныя шлюбы. Таму можна сказаць, што ў ХVІ стагоддзі з норавамі было свабадней. Вялікім князям літоўскім падаваліся скаргі, маўляў, ніяк не можам насельніцтва ўпільнаваць, з кім хочуць, з тым шлюбы бяруць, з кім хочуць, з тым і жывуць. Асабліва гэтаму садзейнічаў Рэнесанс, які звяртаўся да культу цела, да антычнасці. Павевы Рэнесансу былі ў нас вельмі моцныя.

М. С.: Як каралася тагачасным заканадаўствам шлюбная здрада?

Н. С.: Артыкул пра шлюбную здраду з’явіўся ў трэцім Статуце ВКЛ, у 1588 годзе. Дзяржава была зацікаўлена ў стабільных сем’ях. Калі ёсць сям’я з добрым эканамічным падмуркам, існуе сацыяльная іерархія, то мае месца і стабільнасць у грамадстве. А калі нехта сыходзіць з сям’і, то – ідзе эканамічнае разбурэнне, дзеці недапільнаваныя. Калі ў той час пералюбнікаў лавілі на гарачым учынку, іх чакала смяротнае пакаранне. Прычым калі муж прабачаў жонку, то яна магла атрымаць дараванне. Калі заспетага на гарачым пералюбніка муж забіваў, то ён за гэта не караўся. Пакаранне “на горла” прадугледжвалася таксама за згвалтаванне. Калі караўся шляхціц, яму адсякалі галаву. Прадстаўнікоў ніжэйшага стану адпраўлялі на шыбеніцу.

М. С.: А якое пакаранне прадугледжвалася для нявернага мужа?

Н. С.: Адносна мужчын такога артыкула няма. Як правіла, усё заканчвалася разводам. Прычым справа не афішавалася. Напрыклад, калі Дарагастайскі высветліў, з кім з роду Радзівілаў здраджвала яму жонка, то абодва бакі настойвалі, каб Радзівіла судзілі не за шлюбную здраду, а за крадзеж каштоўнасцяў нявернае жонкі. Вельмі цяжка такія судовыя справы знайсці ў архівах, бо іх не вельмі ахвотна выносілі на людзі, тым больш іх старалася не афішаваць шляхта. Каб захаваць гонар.

М. С.: А што магло быць падставай для разводу?

Н. С.: Хвароба, імпатэнцыя мужа, дрэннае сумеснае жыццё, збіццё жонкі, жаданне каго-небудзь з сужэнцаў прыняць манашаскі пострыг. Парадак быў такі: спачатку справу разглядаў духоўны суд, пасля – суд свецкі. Духоўны займаўся прычынамі скасавання шлюбу, свецкі – маёмаснымі пытаннямі.

М. С.: Ваярскія перамогі ў часы ВКЛ збольшага вядомыя. А ці вядомыя героі на амурным фронце?

Н. С.: Тут можна ўзгадаць Багуслава Радзівіла – канюшага ВКЛ, які на гэтым фронце праславіўся за мяжою – у Францыі, у Нямеччыне. Ён меў шмат каханак пры французскім двары і нават трапіў у Бастылію, адкуль яго вызвалялі кардынал Мазарыні і каралева Ганна Аўстрыйская. Так што Багуслаў Радзівіл быў вядомы кавалер. Герой Бітвы пад Воршай Канстанцін Астрожскі стаў двойчы бацькам у 67 гадоў.

М. С.: Вось хто таксама меў поўнае права сказаць: “Маскву пабіць – як дзіця зрабіць”. А Ягайла ў колькі гадоў заснаваў дынастыю Ягелонаў?

Н. С.: Можа, ён, а можа, і не ён… За семдзясят яму было ўжо.

М. С.: А хіба ў гісторыкаў ёсць сумненні?

Н. С.: У гісторыкаў шмат што выклікае сумненні. Гэтага немагчыма ні пацвердзіць, ні адпрэчыць – ніхто ж са свечкай не стаяў… Але факт застаецца фактам – дынастыя Ягелонаў была запачаткавана. Бо калі кароль памірае без нашчадкаў, гэта заўсёды вялікая праблема для каралеўства.

М. С.: Давайце прыканцы нашай гутаркі звернемся да сучаснасці. Як бы ў ВКЛ былі ўспрыняты паводзіны кіраўніка Беларусі, які пазашлюбнага сына дэманстратыўна возіць з сабой?

Н. С.: Такія паводзіны адназначна былі б ацэнены негатыўна. Вялікі князь ніколі не з’яўляўся на публіцы адзін – толькі з жонкай. Дзеці прызнаваліся толькі законныя. Пазашлюбныя дзеці пазбаўляліся спадчыны і афіцыйна пры бацьку не маглі нават паказвацца. Вядома, ва ўсе часы існавалі фаварыткі. Вазьміце любую краіну – ні адзін кароль не пражыў з адной жанчынай. Гэта жыццё, да гэтага трэба ставіцца адпаведна. Але трон – асобна, а пагуляць – асобна. На афіцыйных прыёмах кароль любой краіны ці вялікі князь ВКЛ – толькі з жонкамі. І ніяк іначай. Гэта быў строга вызначаны дворны этыкет. Паводзіны першай асобы, дворны цырыманіял – усё гэта было вельмі важна, усё мусіла адпавядаць традыцыям і звычаям. Паводзіны вялікага князя – прыклад для іншых. І калі ён паводзіў сябе насуперак правілам, гэта было абразай для ўсяго роду і нават магло скончыцца адхіленнем ад пасады. Гісторыя неаднойчы пацвердзіла: калі ідзе сур’ёзны заняпад маральных прынцыпаў у верхавіне дзяржаўнай улады, гэта заўсёды прыводзіць да заняпаду дзяржавы.