Калі дапячэ, беларусы здольныя страйкаваць, прынамсі на ўзроўні вёскі. У Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці мясцовыя чыноўнікі захацелі замяніць дырэктара сельскагаспадарчага прадпрыемства, але людзі адстаялі свайго кіраўніка.

Днямі ў гарадку Маісееўка тут адбыўся сапраўдны страйк: работнікі аднайменнага сельскагаспадарчага прадпрыемства не выйшлі на працу.

«Быў страйк з нагоды змены дырэктара. Хацелі ў калгасе паставіць на пасаду дырэктара новага чалавека – жанчыну, але людзі запратэставалі. Сказалі, што не хочуць гэтага, і запатрабалі, каб вярнулі дырэктара», – кажа мясцовая жыхарка.

«Яна і на «Еўраопце» працавала, і яшчэ недзе. Нідзе не спрацавалася! Дык што, прыйшла калгас падымаць? Ніхто не захацеў яе, вядома», – кажа мясцовы жыхар.

Дзмітрый Шуст, за якога змагаліся падначаленыя, на пасадзе не так даўно. Але за гэты непрацяглы час паспеў добра зарэкамендаваць сябе ў якасці дырэктара.

«Ён хоць і прапрацаваў усяго два месяцы, але за гэты час людзям заробак падняў. Малады хлопец, гадоў 35-36», – кажа мясцовая жыхарка.

Фармальнаю нагодаю для звальнення маладога кіраўніка стаўся малы паказнік надояў малака. Але, паводле мясцовых жыхароў, спад надояў сёлета назіраецца па ўсім раёне. Яны мяркуюць, што кіраўніка насамрэч хацелі прыбраць, бо ён занадта самастойны. Пра гэта на сваім «Youtube»-канале распавядае відэаблогер Андрэй Павук.

«Як я зразумеў з аповедаў працаўнікоў прадпрыемства, Шуст Дзмітрый Леанідавіч як кіраўнік ім падабаецца, аднак, паводле чутак, ён увайшоў у канфлікт з мясцовымі ўладамі, бо мае свой погляд на вядзенне сельскай гаспадаркі», – распавядае блогер Андрэй Павук.

Ужо на наступны дзень пасля страйку на прадпрыемстве з ініцыятывы чыноўнікаў быў зладжаны сход. На ім пастанавілі Дзмітрыя Шуста пакінуць на пасадзе. Аднак пры адной умове: цягам месяца ён мусіць развязаць пытанне з надоямі малака на прадпрыемстве.

«Калі ў чалавека ёсць зацікаўленасць працаваць, то чаму бы яму не працаваць? Шмат хто прыходзіў на гэтую пасаду – ім было галоўнае перацярпець паўгода. А ён хоча працаваць і падымаць калгас! Думаю, што атрымаецца ў яго», – кажа Аляксандр, галоўны інжынер ААТ «Майсееўка».

На прадпрыемстве мяркуюць, што заданне падняць надоі малака цалкам рэалістычнае. Тым не менш працаўнікі заяўляюць, што гатовыя паўтарыць страйк, калі зноў узнімецца тэма звальнення дырэктара.

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, дабаўце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя

7 + 15 =