
Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па пытаньнях зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Фэдэрыка Магерыні заклікала Мінск вызваліць затрыманых журналістаў. Пра гэта гаворыцца ў лісьце Свабодзе ад прэсавага сакратара кіраўніцы эўрапейскай дыпяматыі. Брусэль абяцае далейшую падтрымку Еўразьвязу незалежным СМІ у Беларусі.
У заяве, прысланай сёньня ў нашу рэдакцыю, гаворыцца:
«Мы атрымалі паведамленьні аб ператрусах і арыштах журналістаў ў шэрагу незалежных СМІ у Беларусі.
Такія дзеяньні супярэчаць заяўленай Беларусьсю палітыцы дэмакратызацыі і яе міжнародным абавязаньням. Павага асноўных правоў і свабодаў, уключна са свабодай выказваньняў і свабодай СМІ, павінна быць захаваная.
Мы далучаемся да заклікаў вызваліць затрыманых.
Еўразьвяз хоча стабільнай, дэмакратычнай і шчасьлівай будучыні для Беларусі, на карысьць яе народу, і будзе працягваць сваю працу з усімі зацікаўленымі бакамі, маючы гэтую мэту на ўвазе. У сувязі з гэтым працяг падтрымкі незалежным СМІ будзе заставацца істотным заданьнем.
ЭЗ будзе працягваць уважліва сачыць за разьвіцьцём гэтай сытуацыі, у тым ліку праз прадстаўніцтва ЕЗ у Мінску.»