Журналісты і супрацоўнікі міліцыі ля офісу БелаПАН у Менску, 7 жніўня
Журналісты і супрацоўнікі міліцыі ля офісу БелаПАН у Менску, 7 жніўня

Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. На гэты момант вядома пра затрыманьні сямі журналістаў.

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі па ч. 2 артыкула 349 Крымінальнага кодэксу «Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі».

Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства БелТА пра збоі пры ажыцьцяўленьні доступу да платнай падпіскі на паслугі, якія ажыцьцяўляліся названым прадпрыемствам аднаму зь ягоных заказчыкаў.

Колькі журналістаў затрымана па «справе БелТА». Сьпіс

Марына Золатава

Галоўны рэдактар партала Tut.by. Паводле Сьледчага камітэту, затрыманая па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства па ч. 2 артыкула 349 Крымінальнага кодэксу «Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі».

Ганна Калтыгіна

Выпускаючы рэдактар Tut.by. Затрыманая па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства па ч. 2 артыкула 349 Крымінальнага кодэксу «Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі».

Ульляна Бабаед

Кіраўнік аддзела «Грамадзства» Tut.by. Паводле мужа затрыманая, адбыўся ператрус дома, забралі ўсю тэхніку.

Галіна Ўласік

Рэдактар Tut.by. Паводле дачкі, ёй паведамілі са Сьледчага камітэту, што маці затрыманая паводле артыкулу 349 Крымінальнага кодэксу на трое сутак.

Тацяна Каравенкава

Карэспандэнт БелаПАН, адказвае за міжнародную тэматыку. Затрыманая па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства па ч. 2 артыкула 349 Крымінальнага кодэксу «Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі».

Дзьмітры Бобрык

Рэдактар фінансавага аддзела Tut.by. Паводле нашай інфармацыі, затрыманы, але ягоны статус невядомы.

Ганна Ермачонак

Рэдактар навукова-папулярнага аддзела Tut.by. Паводле нашай інфармацыі, затрымана, але ейны статус невядомы.

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць

Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.

Затрымалі прынамсі 5 журналістак гэтых выданьняў: Тацяну Каравянкову зь БелаПАН, Марыну Золатаву, Ганну Калтыгіну, Ульляну Бабаед і Галіну Ўласік з Tut.by.

Пазьней сталі вядомыя прозьвішчы яшчэ двух затрыманых у справе нелегальнага доступу да платнай стужкі навінаў БелТА — Дзьмітры Бобрык і Ганна Ермачонак з парталу Tut.by. Працэсуальны статус іх пакуль не вядомы.

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Паводле ч. 2 арт. 349 гэта караецца штрафам, або пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю, або арыштам на тэрмін ад трох да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленьне волі на той жа тэрмін.

Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства БелТА пра збоі пры ажыцьцяўленьні доступу да платнай падпіскі на паслугі, якія ажыцьцяўляліся названым прадпрыемствам аднаму зь ягоных заказчыкаў.

Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц. Tut.by і БелаПАН яе ня мелі, бралі інфармацыю з адкрытага сайту.

У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.