Фота: БЕЛТА
Фота: БЕЛТА

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе прыкласці максімум намаганняў, каб ураджай у краіне быў як мага большы. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння ў час азнаямлення з арганізацыяй уборкі збожжавых у Мінскім раёне, перадае БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым годзе з-за гарачага надвор’я ў многіх краінах чакаецца вельмі вялікі недабор збожжа. Так, загінулі збожжавыя ў Германіі і Польшчы, не лепшым чынам складваецца сітуацыя ў Францыі і Іспаніі. У Расіі прагназуюць 25 працэнтаў недабору да ўзроўню мінулага года.

«Вядома, і мы штосьці страцілі, але не настолькі: нас яшчэ Гасподзь мілаваў. Таму трэба мець на ўвазе, што мы асабліва не кінемся недзе закупляць збожжа. На рынку яно будзе. Але, па-першае, будзе вельмі ў цане, а па-другое, зразумела, якія мы будзем купляць кармы па якасці. Таму максімум напружання для таго, каб сабраць да зернетка тое, што мы сёння вырасцілі, і кукурузу», — сказаў прэзідэнт.

Размаўляючы з журналістамі, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўмовы надвор’я хоць былі і неідэальныя, але і не зусім сапсавалі сітуацыю на палях. «На надвор’е ківаць няма чаго, яно было нядрэннае. Вядома, хацелася, каб вясна была менш засушлівай, асабліва па поўдні, дзе ішло наліванне зерня, не хапала вільгаці, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Але трэба аддаць належнае, што быў першы ўкос траў добры, бо ў нас прайшлі ліўні. Мы нарыхтавалі больш, чым калі-небудзь, сена».

У той жа час, заўважыў прэзідэнт, умовы надвор’я былі складаныя не ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. У многіх раёнах будзе вельмі добры ўраджай, калі яго своечасова ўбраць. «Гэта будзе наступнай тэмай маіх паездак. Нам трэба ўбраць у Магілёве, на поўначы і ў цэнтры Мінскай вобласці і асабліва ў Віцебскай усе пасевы збожжа да зернетка», — сказаў ён.

Паводле папярэдніх разлікаў, у бягучым годзе ўраджай у Беларусі будзе меншы на паўмільёна тон у параўнанні з мінулагоднім. Аднак запасы збожжа ў краіне складаюць 1,5 млн т, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. «Нам гэтага дастаткова для таго, каб забяспечыць вытворчасць малака, мяса, птушкі і іншага. Таму тут няма ніякіх пытанняў наконт забяспечанасці насельніцтва», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.