Валерый Варанецкі, фота Змітра Лукашука
Валерый Варанецкі, фота Змітра Лукашука

У апошнія дні ліпеня Беларусь — у топах расійскіх СМІ. У Мінску нацыяналісты нібыта збіваюць прыхільніка “рускага свету” за майку з сімволікай “ДНР”, у кіраўніка Беларусі інсульт, афіцыйны Мінск незадаволены кандыдатурай Міхаіла Бабіча ў якасці пасла Расіі ў Мінску… І ўсё гэта на фоне 30-ці дзённага бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 краін.

Але ці звязаныя гэтыя падзеі? Еўрарадыё абмяркоўвае з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, старшынёй камісіі па міжнародных справах Валерыем Варанецкім.

“Відаць, ёсць нейкі палітычны заказ”

Еўрарадыё: Вам не падаецца, што распачаўся чарговы віток інфармацыйнай вайны супраць нашай краіны?

Валерый Варанецкі: Мне падаецца гэтай нейкай недарэчнасцю. Людзі, якія гэта ўсё пішуць, мякка кажучы, недасведчаныя. Ну, і, відаць, ёсць нейкі палітычны заказ. Але з кола вельмі дробных палітыкаў, якія не разумеюць, чаго яны хочуць. Калі яны хочуць сябраваць і развіваць адносіны, дык трэба да гэтага імкнуцца. Калі яны хочуць крызісаў і праблем, то тут справа іншая. Але ж яны надта дробныя, каб уплываць на палітыку.

Еўрарадыё: Не можа быць гэта звязана з тым, што няма згоды паміж Мінскам і Масквой наконт кандыдатуры расійскага пасла ў Беларусі?

Валерый Варанецкі: Упэўнены, што тут ніякай сувязі няма. Усё, што тычыцца прызначэння новых паслоў ― гэта рэчы даволі закрытыя, пытанне гэтае вырашаюць урады дзвюх краін. Вядома, што ўрады нашых краін вельмі паважліва ставяцца адзін да аднаго, прэзідэнты таксама знаходзяцца ў добрых адносінах. Таму, усё, пра што вы кажыце, гэта дробныя правакатары і дробныя правакацыі, не больш за тое.

Еўрарадыё: “Дробныя” ― гэта значыць, што тыя палітыкі не ходзяць па калідорах Крамля?

Валерый Варанецкі: Вядома, не ходзяць. Ёсць жа людзі, якім не даспадобы, што ў тут праводзіцца пэўная самастойная палітыка, пэўныя інтарэсы, з якіх зыходзіць краіна. Некаму не вельмі ўтульна ў гэтай сітуацыі, нехта хацеў бы, каб мы былі больш залежныя ў пэўных пытаннях. На такім узроўні гэта ўсё і падаецца. Бо сур’ёзныя палітыкі такімі рэчамі не займаліся б.

Дэпутат Варанецкі: У беларускай незалежнасці шмат нядобразычліўцаў

“Нейкім дробным палітыкам ці экспертам не падабаецца, што Беларусь прымае такія самастойныя рашэнні”

Еўрарадыё: Але ж матэрыялы гэтыя падаюць і даволі сур’ёзныя рэсурсы: Лента.ру ― пра злых беларускіх нацыяналістаў, ТАСС ― пра інсульт Лукашэнкі. Як гэта можа быць успрынятае расійскім грамадствам?

Валерый Варанецкі: Сёння і ў нас розныя сродкі масавай інфармацыі па-рознаму ацэньваюць тыя ці іншыя з’явы. І ў Расіі тое ж самае. Я лічу, што толькі неадказныя СМІ могуць такім чынам спекуляваць. Правакацыйна спекуляваць. Ставіцца да гэтага трэба спакойна, з усмешкай.

Еўрарадыё: Ёсць таксама меркаванне, што гэта такая помста Расіі за беларускі 30-дзённы бязвізавы рэжым…

Валерый Варанецкі: Не згодны. Беларусь зыходзіць са сваіх інтарэсаў. Пра 30-дзённы бязвізавы рэжым ― гэта разумнае і своечасовае рашэнне. Можа, і раней можна было гэта рашэнне прымаць, але дзяржава прымае тыя ці іншыя рашэнні тады, калі падрыхтаваная да гэтага. Нам трэба развіваць турызм, быць больш прывабнымі для інвестараў. З пункту гледжання бяспекі ― таксама пытанняў няма. І я проста ўпэўнены, што ўсё гэта (30-дзённы бязвізавы рэжым. ― Еўрарадыё) абгаворвалася, нашы МЗС вядуць шчыльныя перамовы наконт сумеснай візавай палітыкі. таму, не думаю, што тут адно да другога мае нейкае дачыненне. Іншая справа, калі нейкім дробным палітыкам ці экспертам не падабаецца, што Беларусь прымае такія самастойныя рашэнні. Маўляў, няхай бы ў нас запыталіся. Але ж і Расія, і іншыя суверэнныя краіны прымаюць свае рашэнні, і ў нас дазволу не пытаюцца, бо гэта права суверэннай дзяржавы. Ну, а мы ў міжнародным плане, як саюзная дзяржава, выконваем свае абавязацельствы, і вельмі дысцыплінавана і адказна дзейнічаем у гэтым сэнсе.

Еўрарадыё: Такім чынам, вы раіце проста не звяртаць увагі на ўсё, што пішуць у расійскіх СМІ наконт Беларусі?

Валерый Варанецкі: Звяртаць увагу не трэба, але трэба разумець, што адбываецца, і ўлічваць гэта трэба. Мы павінны рабіць свае высновы і працягваць ісці наперад. Наш шлях ― гэта шлях незалежнай суверэннай краіны, незалежнай дзяржавы, якая мае свае інтарэсы.

Еўрарадыё: Якую выснову варта зрабіць?

Валерый Варанецкі: Трэба разумець, што ёсць не так ужо і мала людзей, якія нядобразычліва ставяцца да беларускай дзяржаўнасці, да беларускай незалежнасці, суверэнітэту і да беларускага народа. І быць гатовым заўсёды абараняць свае інтарэсы.

Еўрарадыё: У тым ліку, і са зброяй у руках?

Валерый Варанецкі: Мы пра гэта не кажам і не думаем нават. Але калі спатрэбіцца, заўсёды за сябе пастаім.

“Адмовы беларусам у “шэнгенах” такія мізэрныя, што па ўсіх іх паказчыках даўно ўжо трэба было ўвесці бязвізавы рэжым”

Еўрарадыё: Дарэчы, пра бязвізавы рэжым: ці варта нам чакаць нейкага адказу на яго з боку ЕС? Вядома, што Еўракамісія запрасіла беларускі бок на чарговы раўнд перамоў па змяншэнні кошту “шэнгена” для беларусаў…

Валерый Варанецкі: Беларусь ужо вельмі даўно чакае адэкватнай рэакцыі з боку ЕС. Але вядома, што Еўрасаюз ― вельмі бюракратычная сістэма, ім вельмі цяжка прыняць нейкае рашэнне, калі ўсе краіны-сябры ЕС павінны падтрымаць яго. Мы зыходзім з таго, што час усё расставіць па сваіх месцах і што Еўрасаюз павінен рэагаваць на гэта. Дарэчы, я размаўляў прыватна з прадстаўнікамі консульскіх службаў розных еўрапейскіх краін, і яны казалі, што адсотак адмоў беларусам у візах такі мізэрны, што па ўсіх іх паказчыках для беларусаў даўно ўжо трэба было ўвесці бязвізавы рэжым. Што, паводле іх унутраных дакументаў, па іх нарматывах, для такой краіны, як Беларусь даўно павінны былі ўвесці бязвізавы рэжым. Але не толькі не ўводзяць, а ўсё ніяк не вырашаць пытанне па наконт змяншэння кошту віз. Што да чарговага раўнду перамоў на гэты конт, то вельмі хацелася, каб падчас яго кропку ў гэтым пытанні паставілі. Але кожны раз узнікаюць нейкія дадатковыя пытанні, і сёння нельга з упэўненасцю казаць, што перамовы будуць паспяхова завершаныя.