Фота з сайта forum.secret-r.net
Фота з сайта forum.secret-r.net

Кнігу пра антысавецкія паўстанні ў міжваеннай Беларусі Юрка Віцьбіч пачаў пісаць яшчэ ў 1952 годзе. Не маючы пад рукой патрэбных архіваў, прыспешваны заказчыкамі, якія хацелі атрымаць гатовы рукапіс ужо праз два месяцы. З тае задумы атрымаўся пшык, але пісьменнік і пазней працягваў працаваць над гэтай тэмай. Кніга выйшла толькі ў 1996 годзе, калі аўтара даўно не было на свеце (Віцьбіч Ю. Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі // укл. і прадм. Л. Юрэвіча (1997). У Беларусі першым гісторыкам, які грунтоўна заняўся антысавецкімі паўстаннямі, стала Ніна Стужынская. У адрозненне ад папярэдніка, яна напісала сваю кнігу “Беларусь мяцежная” цалкам на падставе архіўных дакументаў. Да таго ж, даследчыца звярнула ўвагу і на гендэрны чыннік у гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву 1920-х гадоў.

Міхась Скобла: Спадарыня Ніна, наколькі заўважны жаночы ўдзел у антысавецкіх паўстаннях 20-х гадоў?

Ніна Стужынская: Заўважны. Я не пагаджуся з распаўсюджанай думкай, што канфліктная, ваенная гісторыя мае выключна мужчынскі твар. Раней я нават і не думала шукаць жаночыя постаці на гэтым фоне. Аказалася, крыніцы багата прэзентуюць і жаночыя твары ў гэтай, на першы погляд, мужчынскай гісторыі. Як і сёння гавораць сацыёлагі, жанчына кіруецца ў жыцці каханнем – ідзе за каханым мужчынам (для Беларусі гэта абсалютна тыпова). І, вядома ж, жанчыну-выведніка, жанчыну з ружжом, рэдка можна бачыць у нашай гісторыі. Але мы проста мала ведаем крыніцы. Жанчыны, якія зацікавілі мяне і трапілі на старонкі “Беларусі мяцежнай”, знайшліся пераважна побач з мужчынамі, не апошнімі ў гісторыі Беларусі, – з атаманамі. Амаль у кожным аддзеле была жанчына, амаль у кожнага атамана (а гэта былі пераважна маладыя людзі), была каханая жанчына.

Самыя каларытныя постаці знайшліся на старонках крымінальных спраў. Напрыклад, у справе Ягора Моніча. Атаман Моніч пачаў дзейнічаць яшчэ ў 1919 годзе. Яго імя грымела па ўсёй Беларусі. Ён быў застрэлены бальшавікамі ў траўні 1925 года. А вось паплечніца атамана, яго каханая Хаўроння Наўроцкая праходзіла як абвінавачаная на судовым працэсе і ўжо ў 1924 годзе была асуджана на смяротнае пакаранне. Наўроцкая некалькі разоў мяняла сваё імя, гэта тады было даволі тыповай з’явай. Яна шмат вандравала па свеце, а калі вярнулася на радзіму, наказала ўсім зваць яе Сонькай Рыбак. Рыбак – яе прозвішча па першым мужу.

Юрка Моніч у цэнтры. Фота з сайта Радыё рацыя
Юрка Моніч у цэнтры. Фота з сайта Радыё рацыя

Некалькі цікавых постацяў дае гісторыя Слуцкага паўстання. Мне, на жаль, не ўдалося ідэнтыфікаваць жанчын, якія вышылі сцяг для паўстанцаў, але мне вядомыя жанчыны, якія прымалі самы актыўны ўдзел у паўстанні. Гэта сёстры Стагановіч – Людміла і Марыя. Марыя потым стане жонкай вядомага нацыянальнага дзеяча Юркі Лістапада. Назаву яшчэ сувязную паўстанцаў Любоў Зяньковіч. Гэта жанчыны, якія мелі пэўныя палітычныя перакананні, яны былі нацыянальна арыентаванымі.

Беларускія атаманшы
Марыя Стагановіч

М. С.: Беларускі, вы кажаце, дзейнічалі пераважна пры атаманах. А вось ва Украіне самастойна ваявала папулярная народная заступніца атаманша Маруся – Марыя Нікіфарава. Каго з беларускіх жанчын усё ж можна паставіць у адзін шэраг з ёю?

Марыя Нікіфарава
Марыя Нікіфарава

Н. С.: У арганізацыі “Зялёны дуб” служыла Ганна Доўгірд. Вядома, што яна была нарачонай атамана Дзергача (Вячаслава Адамовіча). Але ў той жа час, па сведчанні начальніка штаба “зялёнадубцаў” атамана Грача, яна была найлепшай выведніцай. І праўда, Ганна Доўгірд некалькі разоў хадзіла праз мяжу на савецкі бок і прыносіла вельмі каштоўную інфармацыю. І гэта ў 1921 годзе, калі рыхтавалася буйная палітычная акцыя – агульнае антысавецкае паўстанне на тэрыторыі Беларусі. Ганна Доўгірд мела высокага кшталту знаёмствы з палітыкамі, вядомымі ў расійскай і еўрапейскай гісторыі. Маючы няпоўных 21 год, яна мела багаты паслужны спіс, яна ведала таго ж Махно, мела і баявы досвед.

М. С.: 21 год – гэта фактычна сённяшнія студэнткі.

Н. С.: Я ўвесь час задумвалася над гэтым. Аказваецца толькі 13% насельніцтва пасля Першай сусветнай вайны ў былой Расійскай імперыі былі старэйшыя за 50 гадоў. Астатнія былі маладымі людзьмі. Уявіце сабе, усе сацыяльныя пераўтварэнні рабіліся вельмі маладымі людзьмі, як з боку рэвалюцыянераў, так і з боку контррэвалюцыянераў. Таму дзівіцца няма чаго. Калі паглядзець спісы баявых аддзелаў, спісы атаманаў, якім на той час было крыху за 20, то тут нічога дзіўнага няма. Менавіта маладыя людзі стваралі гісторыю на той момант.

М. С.: Нядаўна мне трапіў на вочы невядомы верш Уладзіміра Дубоўкі: “Не было такога здарэння, / каб на Беларусі не плакалі. / Абяцалі ўсе збавенне, / а цкавалі ўсе – сабакамі”. Якія асноўныя прычыны прымушалі беларусаў і беларусак брацца за зброю?

Н. С.: Беларусь у палітычным сэнсе ў 20-я гады была даволі стракатай. Але я пішу пра тых, хто быў нацыянальна арыентаваны, хто абраў сабе за мэту пабудову еўрапейскай, дэмакратычнай, незалежнай Беларусі. Я пішу пра тых, хто са зброяй у руках абараняў ідэю Беларускай Народнай Рэспублікі. Хто пасля сацыяльных катастроф, такіх, як Першая сусветная вайна, расійская рэвалюцыя, абраў шлях да незалежнасці. Па-сутнасці, гэта былі і амбіцыі, і ўласныя планы. Моладзь не хацела аддаваць бальшавікам ні тэрыторыю, ні мову, ні культуру. Яна хацела быць гаспадаром на сваёй зямлі. Калі пачытаць, напрыклад, нарысы атамана Дзергача, то гэта ідэя прасочваецца вельмі яскрава.

М. С.: Ці не першым беларускім даследчыкам, які распрацоўваў тэму антысавецкага супраціву, быў Юрка Віцьбіч. Яго часам папракалі (свае і чужыя) у тым, што ён сумысна надаваў ці не ўсім паўстанням на тэрыторыі Беларусі нацыянальны характар. Але ці так было насамрэч? Калі чытаеш у вашай кнізе пра тую ж Соньку Рыбак, то ствараецца ўражанне, што сярод паўстанцаў было нямала і авантурнікаў.

Юрка Віцьбіч
Юрка Віцьбіч

Н. С.: Па-першае, я хачу абараніць Соньку. Гэта вельмі тыповы тагачасны вобраз. Традыцыйны лад жыцця разбурыўся. Уявіце сабе звычайную сялянку. Яна імкнецца абараніць свой дом ад вайны, дзяцей ад голаду, яна зацікаўленая, каб яе мужчына не загінуў у гэтых узброеных канфліктах… З другога боку, з’яўляліся асобы, якія выкарысталі гэтую палітычную калатнечу для ўласнай дзейнасці, для ўласнай самарэалізацыі. Тая ж Сонька – з аднаго боку, яна вельмі кахае атамана Моніча. І ёсць за што, ён – смелы, выбітны мужчына. А з другога боку, Сонька сама змагла арганізаваць уласны атрад, які налічваў 12 чалавек.

М. С.: Дык яна – нарачоная атамана, ці сама атаманша?

Н. С.: Сама атаманша. Сонька Рыбак шмат зрабіла для атамана Моніча, але яна мела свае ўласныя інтарэсы. Сёння б сказалі, што Сонька – прадпрымальніца. Яна была вельмі актыўнай, яна выкарыстала сваю актыўнасць, свае таленты, каб самарэалізавацца. Яна не захацела сядзець дома на кухні. Тагачасныя жанчыны як бы адышлі ад свайго спрадвечнага біялагічнага прызначэння і прымерылі на сябе новыя ролі, якія ім падказаў час. Яны выйшлі з хатаў, выйшлі з кухняў і паказалі, на што яны здольныя. З аднаго боку, бальшавікі падштурхоўвалі да таго, каб жанчыны выходзілі ў публічную прастору, а з другога боку, учарашнія беларускія сялянкі выкарысталі зручны час для дасягнення сваіх мэтаў.

Па-другое, дастаткова пачытаць статут таго ж “Зялёнага дубу”, каб пераканацца, што нацыянальны чыннік на той час быў адным з асноўных. Цытую: “Беларуская сялянская партыя “Зялёны Дуб” ставіць сваёй галоўнай мэтай вызваленне Беларусі ад маскоўска-бальшавіцкай навалы і адбудаванне свайго незалежнага гаспадарства. Партыя лічыць, што дзеля дасціжэння гэтай мэты патрэбна вясці непрэрыўную партызанскую вайну з бальшавікамі, заняўшымі болей як палавіну тэрыторыі Беларускай зямлі. Савецкая Расія з’яўляецца такім жа ворагам Беларускай Народнай Рэспублікі, якім была для яе Царская самадзяржаўная Расія”. Так што “зялёнадубцы” мелі цвёрдую грамадзянскую пазіцыю. У адным з дакументаў мне сустрэўся запіс селяніна з вёскі Рэпішча: “Ніхто не мае права пазбавіць чалавека Радзімы, ніхто, нават дзяржава”.

М. С.: Якуб Колас яшчэ ў 1921 годзе ў вершы “Беларускаму люду” не пабаяўся назваць бальшавікоў “чужаніцамі” ды “махлярамі цёмных дарог”. Наколькі масавым быў антысавецкі рух увогуле і ў прыватнасці – рух “зялёнадубцаў”? Той жа Юрка Віцьбіч сцвярджае, што, да прыкладу, у Вяліжскім паўстанні брала ўдзел 50 000 чалавек. Якія лічбы можаце прывесці вы?

Н. С.: Я б адразу параіла не блытаць дзве формы супраціву. Спачатку ў Беларусі мелі месца ўзброеныя паўстанні. Яны сапраўды былі масавыя, хоць часам дрэнна падрыхтаваныя, стыхійныя. Асабліва гэта датычыць выступаў на Віцебшчыне, на якія вы спаслаліся. Але ўсё ж Віцьбіч быў недалёкі ад праўды. Таму што паўстанні насілі характар хваляў. Напрыклад, у адным раёне паўставала 15 000 чалавек. Не паспявалі расправіцца з імі, як у суседнім раёне паўставалі новыя 10 000–15 000. І таму Віцьбіч мае рацыю, калі гаворыць пра такі масавы рух.

На змену паўстанням прыйшоў партызанскі рух. Яго акурат арганізаваў і каардынаваў “Зялёны дуб”. Беларуская антысавецкая партызанка распачалася ў канцы 1920 года. Яна ўвабрала рэшткі паўстанцкага руху, азначылася як супраціў ужо ў іншай форме. Дыверсіі, узброеныя сутычкі – гэта тыповая партызанская барацьба. Партызанскі рух таксама быў дастаткова масавы, але – і добра арганізаваны. Кожныя два тыдні разведупраўленне Заходняга фронту давала зводкі па арганізатарах, па рэгіёнах дзеяння, па колькасці дыверсій. Возьмем толькі жнівень 1920 года. На гэты час дзейнічала 120 партызанскіх аддзелаў. І гэта толькі на тэрыторыі шасці паветаў! Дастаткова паглядзець карту, якая захоўваецца ў Нацыянальным архіве Беларусі, каб упэўніцца – змаганне вялося сур’ёзнае. Глядзім на поўнач Беларусі. Там дзейнічаў атрад атамана Эртмана – 1 500 чалавек. У цэнтральнай Беларусі пазначана: “зялёнадубцы” – 300 чалавек. Побач – балахоўцы і г.д. Складзем усе лічбы і атрымаем толькі за адзін месяц ад 3 000 да 4 500 чалавек.

М. С.: Зразумела, што ў бальшавіцкім друку пісалася пра знішчэнне ў Беларусі “антысавецкіх бандаў”. Але ж і ў замежных перыёдыках 1920-х гадоў, напрыклад, у англійскай газеце “Times”, пра партызанскія антысавецкія атрады паведамлялася як пра “бандыцкія”. Відаць, былі падставы і для такіх ацэнак?

Н. С.: Гэта пытанне дэфініцыі. Самі сябе паўстанцы называлі партызанамі. На Віцебшчыне – народнымі апалчэнцамі альбо народнымі мсціўцамі. Ды і само слова “бандыт” мела на той час палітычную афарбоўку. Напрыклад, бальшавікі затрымлівалі чалавека і абвінавачвалі ва ўдзеле ў антысавецкім выступе. А ён, ратуючыся, адказваў: “Не-не, я проста злодзей!” Таму што антысавеччына каралася больш жорстка. А некаторыя партызаны самі сябе называлі бандытамі. Захаваліся вершы атамана Аберона з Віцебшчыны. Яны называюцца “Песні бела-бандыта”. Такім чынам сэнс слова “бандыт” на той час быў адрозны ад сучаснага. Ён меў найперш палітычнае адценне.

М. С.: У вашай кнізе шырока выкарыстаны архіўныя дакументы, у тым ліку фатаграфіі. Са здымкаў глядзяць шляхотныя спакойныя твары беларускіх змагароў Мікалая Крывашэіна, Уладзіміра Ксяневіча, Аляксандра Маркевіча, Макара Краўцова ды іншых. А які быў маёмасны стан удзельнікаў руху? Што яны пакідалі, выбіраючыся ў лес?

Н. С.: Гэта быў сярэдні клас, вясковыя гаспадары. Гэта была вайна гаспадароў супраць безгаспадарчасці і эканамічнага авантурызму новай улады. Вось тыповы ўдзельнік партызанскага руху: Піменаў Пракоп Данілавіч. Год нараджэння – 1883. Беларус. Малапісьменны. З вёскі Гарадзішча, што на Шклоўшчыне. Прыняў удзел у буйным паўстанні ў траўні 1919 года, цэнтрам якога была ягоная родная вёска, а кіраўнікамі – ягоныя браты. Да 1917 года ў ягонай гаспадарцы былі: 10 дзесяцінаў зямлі, 2 хаты, 2 пуні, 2 каня, 2 каровы, 3 свінні, 3 авечкі, 1 плуг, 1 баран. А сям’я налічвала дзесяць душ.

М. С.: На пячатках таго ж “Зялёнага дубу” побач з гербам “Пагоня” выразна відзён чэрап са скрыжаванымі косткамі. Што гэта мела азначаць?

Н. С.: Гэта азначала толькі адно – людзі вырашылі ў сваёй справе ісці да канца. Ісці самахвярна. Паўстанцы не маглі ўцячы, не маглі трапіць у палон. Яны не мелі альтэрнатывы – толькі смерць.

М. С.: У свой час за даследаванне антысавецкага супраціву вас звольнілі з акадэмічнага Інстытута гісторыі. Вы не шкадуеце, што абралі такую няўдзячную ў сённяшняй Беларусі тэму?

Н. С.: Аніякага шкадавання няма. Я вельмі люблю сваю тэму. Я закахана ў сваіх герояў – у мужчын і жанчын. Кожны дзень мне прыносіць нейкія новыя адкрыцці. Я шчаслівая тым, што знайшла сваю тэму і магу самарэалізавацца.