Міністар замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей расказаў у перадачы «Контуры» на дзяржаўным тэлеканале АНТ аб стане перамоваў аб спрашчэньні візавага рэжыму з Еўразьвязам. Ён казаў, ёсьць разуменьне «неабходнасьці захоўваньня прагрэсу».

«Пытаньні аб заключэньні пагадненьняў аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі знаходзяцца на стале нашых перамоваў з Еўрапейскім зьвязам, — казаў Уладзімір Макей. — Не магу сказаць, што яны будуць падпісаныя літаральна заўтра-пасьлязаўтра. Там ёсьць некалькі момантаў, па якіх мы цяпер працягваем кансультацыі з нашымі эўрапейскімі партнэрамі».

Рэадмісія — абавязаньне краіны прымаць сваіх грамадзянаў, дэпартаваных зь іншай дзяржавы, і іншаземцаў, якія праз тэрыторыю краіны нелегальна трапляюць на чужую тэрыторыю. Дакумэнты аб рэадмісіі Мінск і Брусэль меліся падпісаць яшчэ ў 2015 годзе на саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Рызе, аднак гэтага не адбылося. Паводле словаў Макея, — не па віне Беларусі.

Раней падчас «консульскага дня» на Facebook МЗС пісала, што гэта эўрапейскія партнэры вылучаюць шэраг умоваў, якія ставяць беларускіх грамадзянаў у ня вельмі камфортнае становішча. Напрыклад, патрабаваньне падаваць дакумэнты выключна празь візавыя цэнтры.

Лукашэнка незадаволены рэакцыяй Расіі на беларускі «бязьвіз» для іншаземцаў

«Нашыя падыходы, выяўленыя ў тым ліку ў аднабаковым рашэньні аб увядзеньні пяцідзённага бязьвізавага рэжыму для грамадзян краін Еўразьвязу, відавочныя, — пісала тады МЗС. — На наш погляд, няма аб’ектыўных прычын, якія перашкодзілі б нам знайсьці ўзаемапрымальныя разьвязкі».

А «шэнген» мае стаць па 80 эўра

Тым часам Рада Эўразьвязу ўхваліла падаражаньне шэнгенскіх візаў да 80 эўра. Падвысіць цэны на візы да 80 эўра прапануецца, каб «забясьпечыць краінам-удзельнікам пакрыцьцё коштаў апрацоўкі візаў бяз стрымліваньня атрыманьня візаў». Калі можа быць прынятае канчатковае рашэньне, не ўдакладняецца.

Беларусь ужо некалькі год вядзе перамовы аб тым, каб цана шэнгенскай візы для беларусаў была зьніжаная да 35 эўра — візы для беларусаў могуць не падаражэць, а патаньнець. Беларусы тым часам у лідэрах па колькасьці атрыманых шэнгенскіх візаў на душу насельніцтва. Суседняя Ўкраіна ўжо год жыве зь «бязьвізам».