Тэлевізія Canal+ прадставіла першы тызэр новага польскага сэрыялу «Нелегалы». Ён зроблены паводле кнігі вядомага польскага аўтара крымінальных дэтэктываў Вінцэнта Сэвэрскага. Гэта літаратурны псэўданім палкоўніка польскай выведкі, які шмат гадоў працаваў у замежных місіях пад выдуманымі імёнамі.

Падзеі сэрыялу разгортваюцца ў Варшаве, Стакгольме, Стамбуле і Мінску. Першы рэклямны ролік сэрыялу пачынаецца ад сустрэчы шпіёнаў на Нямізе. Менавіта ў Беларусі адбываецца вялікая частка шпіёнскіх прыгодаў, якія паказаныя ў сэрыяле.

Конрад Вольскі, кіраўнік элітнага аддзелу польскай выведкі, падчас апэрацыі ў Стамбуле затрымлівае беларускага гандляра зброяй. Ад яго ён дазнаецца пра плянаваны ў Швэцыі тэракт. Зброя, яую плянуецца выкарыстаць у гэтым замаху, захоўваецца ў Беларусі. Вольскі далучае да апэрацыі польскага шпіёна Трэвіса, закансьпіраванага ў менскім КДБ, каб той здабыў інфармацыю, якая прадухіліць плян тэрарыстаў. Але шпіёна раскрывае адзін зь супрацоўнікаў беларускага КДБ. Каб эвакуяваць Трэвіса, у Менск выпраўляецца афіцэр польскай выведкі Сара. Адначасова ў Варшаве генэрал беларускіх спэцслужбаў шантажуе польскага прэм’ера. Польская выведка вымушаная любой цаной здабыць матэрыялы, якія кампрамэтуюць польскага прэм’ера.

«Усе дарогі вядуць у Мінск. Пачынаецца забойчая гульня з часам», — гаворыцца ў рэклямным прэс-рэлізе аўтараў сэрыялу.

У «Нелегалах» зьняліся папулярныя польскія акторы Гжэгаж Даменцкі, Агнешка Грахоўска, Анджэй Сэвэрын, а таксама акторы з Нарвэгіі, Расіі і Ўкраіны. Здымкі ў Беларусі ўжо завершаныя. Да канца ліпеня маюць адбыцца здымкі ў Швэцыі. Прэм’ера сэрыялу ў 10 частках заплянаваная на восень.