Эканамічны сюрпрыз! Беларусь, якую ў расійскіх медыях часта прадстаўляюць як беднага сваяка, апярэдзіла Расію ў заробках паводле парытэту пакупніцкай здольнасці.

Такія звесткі ўтрымлівае спецвыпуск маніторынгу за 7 гадоў, падрыхтаванага экспертамі Інстытуту сацыяльнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі (ВШЭ). Гэта расійская ўстанова. Спачатку эксперты параўналі рэальныя заробкі ў доларах, атрымалася, што за мінулы год сярэдні заробак паводле намінальных абменных курсаў валют у расійцаў – 670 долараў, а беларусаў – 421. Але эканамісты падкрэсліваюць некарэктнасць такога параўнання.

«Абменныя курсы валютаў не ўлічваюць розніцы кошту жыцця ў розных краінах. Таксама яны ўсталёўваюцца на падставе коштаў на тавары міжнароднага рынку, але прыватнае спажыванне ўнутры краінаў фармуецца менавіта ў негандляваным сектары: камунальныя, адукацыйныя, медычныя, сацыяльныя і бытавыя паслугі…», – гаворыцца ў маніторынгу ВШЭ.

«Дапусцім, у траўні сярэдні заробак у Расіі быў $ 680-690 у месяц, а ў Беларусі дзесьці $ 460-480. І атрымліваецца, што ў Беларусі заробак ніжэй, чым у Расіі. Але праблема ў тым, што калі пачынаюць параўноўваць узровень беднасці і ў Расіі, і ў Беларусі, аказваецца, што расейцы значна бяднейшыя, чым беларусы«, – тлумачыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

Таму эксперты Вышэйшай школы эканомікі параўналі заробкі іначай – паводле парытэту пакупніцкай здольнасці – і аказалася, што грамадзяне Беларусі ў сярэднім могуць сабе дазволіць трохі больш, чым расейцы. Але і гэтыя лічбы – як сярэдняя тэмпература ў шпіталі. У той жа Маскве людзі варочаюць мільёнамі, а за 100 кіламетраў ад багатых гарадоў не ведаюць, як зарабіць на ежу.

«Там шмат мільянераў, мільярдэраў, і дзесьці 1,5 % насельніцтва валодае паловай асабістай маёмасці ўсіх расейцаў. У нас такога вялізнага падзялення няма. З іншага боку, у Расеі больш бедных, чым у нас«, – дадае Злотнікаў.

І ў Расіі, і ў Беларусі бедняком афіцыйна лічаць таго, хто не можа набыць харчоў і вопраткі. Але можна лічыць і з дапамогай заходняй методыкі, дзе бядняк – гэта чалавек з аднастайным рацыёнам харчавання, без побытавай тэхнікі і без магчымасці паехаць у адпачынак. Паводле еўрапейскіх стандартаў, у нас кожны чацвёрты, а то і кожны трэці не жыве, а бядуе.

Жыхары Мінску:

«Я пенсіянер, але даводзіцца працаваць, бо на пенсіі дакладна не выжыць».

«Людзям сярэдняга ўзросту і моладзі цяжка. Асабліва сям‘ю, унукаў утрымліваць немагчыма з такімі заробкамі».

«У апошні час кошты выраслі на харчы, на паліва. Мы маладая сям’я, жонка ў дэкрэце. Даводзіцца адмаўляцца ад чагосьці».

Паводле расійскіх экспертаў Вышэйшай школы эканомікі, рэальныя заробкі ў Расіі скараціліся ў 2015-м годзе, і потым амаль не раслі. Гэта якраз год санкцыяў за ўзброены захоп Крыму і рэзкага росту ваеннага бюджэту Расіі. Таксама ў маніторынгу відаць, што і расійцы, і беларусы ў сярэднім атрымліваюць адчувальна менш, чым грамадзяне Чэхіі, Харватыі, Польшчы ды іншых краінаў Усходняй Еўропы, якія ў свой час выбралі еўрапейскі шлях развіцця.